Генпракурор Швед хоча спагнаць з жыхаркі Бараўлян 10 000 рублёў за паклёп
У Мінскім раённым судзе 5 ліпеня разглядаецца крымінальная справа 47-гадовай жыхаркі Бараўлян Наталлі Красько. Яе вінавацяць у паклёпе на генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа.
Справу разглядае суддзя Антон Колабаў.
З матэрыялаў следства вынікае, што Красько з выкарыстаннем мабільнага тэлефона ў публічным чаце «Кулуары KYKY» пад постам аб узмацненні адказнасці за экстрэмізм 1 лютага напісала, што генеральны пракурор Швед — злачынец. Тым самым распаўсюдзіла несапраўдныя звесткі. Яе неўзабаве затрымалі, у кватэры правялі ператрус, шукалі «стужачкі, сэрцайкі, кветачкі».
Наталля віну часткова прызнае, кажа, што фраза напісаная асабіста ёю, прызнае, што слова негатыўнае, якое можа ганьбіць гонар, але не прызнае, што гэта — паклёп.
Допыт абвінавачанай.
Суддзя:
— Ці знаёмыя з Андрэем Шведам асабіста?
— Не.
— Што хацелі данесці сваім каментаром?
Тлумачыць, што каментар быў рэакцыяй на рэзанансную справу.
Суддзя пытаецца, ці былі намеры распаўсюдзіць непраўдзівыя звесткі. Адказвае, што не. Пацвярджае словы суддзі, што дала эмацыйную ацэнку. Тлумачыць, што не адносіла фразу асабіста да Шведа, а да пасады, паколькі лічыць, што Швед не павінен ствараць законы.
— Пры напісанні каментара былі ў стане алкагольнага ап'янення?
— Не.
Пракурор робіць выснову, што абвінавачаная ўсведамляла свае дзеянні.
У судзе вывучаюцца пісьмовыя матэрыялы справы: заява ад Андрэя Шведа, заключэнне лінгвістычнай экспертызы з нагоды выкарыстання слова «злачынец».
Пацярпелы Швед у суд не з'явіўся з прычыны службовай занятасці, просіць зачытаць паказанні, падтрымлівае пазоўныя патрабаванні.
Наталля кажа, што спрабавала вырашыць канфлікт мірна, маюцца дакументы, якія пацвярджаюць гэта.
У ходзе допыту абвінавачанай спрабавалі высветліць, з тэлефона або камп'ютара яна пісала каментар.
У судзе абвінавачаная заяўляе, што першапачаткова супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да яе па іншай справе. Кажа што падчас ператрусу было перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі ў выглядзе неадпаведнасці следчых дзеянняў у выніку прад'яўленага артыкула. Парушаны і сам парадак працэдуры правядзення ператрусу.
Швед ацэньвае памер маральнай шкоды ў 10 000 рублёў. Просіць пералічыць грошы ў школу-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў.
Наталля заяўляе, што не ўпэўненая, што па працэдуры можна пералічыць грошы не самому пацярпеламу. Лічыць памер шкоды неадпаведным здзейсненаму.
Пракурор просіць прызнаць яе вінаватай і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады. Таксама кажа, што неабходна задаволіць пазоў пацярпелага, у сувязі з чым пакінуць маёмасць пад арыштам.
Абаронца кажа, што ўбачыла з доказаў толькі паказанні пацярпелага і пратакол агляду дакументаў. Пракурор спасылаецца на пратакол з заключэннем эксперта, у якім пазначана два значэнні слова «пракурор». Няма доказаў, што выкарыстала слова ў першым кантэксце (юрыдычным). Паказвала, што няма ўказанняў на падзеі, якія раскрывалі б значэнне слова, гэта бліжэй да абразы, чым да паклёпу. Нагадвае, што дапамагала следству, ішла на саступкі, прасіла ва ўсім разабрацца.
Прысуд будзе абвешчаны 6 ліпеня ў 9-05.
spring96.org