Пазл склаўся? За што Кацярыну Андрэеву абвінавалілі ў «здрадзе дзяржаве»
Ці звязаны другі вырак за «здраду дзяржаве» са справай Сяргея Васільева, у якога журналістка ўзяла эксклюзіўнае інтэрв’ю ў чэрвені 2017 года?
—
Муж палітзняволенай журналісткі Ігар Ільяш на сваёй старонцы ў Фэйсбуку піша пра тое, што ён думае наконт расследавання пра «агента на ўдалёнцы» і як ставіцца да версіі, што справа пра дзяржздраду Сяргея Васільева і другі вырак Кацярыне звязаны.
— Калі адказаць каротка: мне падаецца гэта версія дастаткова пераканаўчай.
Цяпер падрабязней. З прысуду мінула ўжо амаль 14 месяцаў, а мы па-ранейшаму пазбаўлены магчымасці даведацца, у чым канкрэтна Кацю абвінавацілі, на падставе якіх падзей узнікла крымінальная справа і калі тыя падзеі адбыліся.
Аднак сам факт таго, што Васільеў, як высветлілі калегі, вярнуўся ў Беларусь і быў у 2021 годзе асуджаны за «здраду дзяржаве» (той жа 356 артыкул Крымінальнага кодэкса, што і ў Каці), дазваляе зрабіць пэўныя высновы.
Яшчэ ў самым пачатку, калі толькі стала вядома пра абвінавачванне Каці ў «здрадзе дзяржаве», я шмат разоў казаў, што ўпэўнены: схема стварэння новай справы, хутчэй за ўсё, цалкам паўтарае схему першай справы.
То-бок ёсць нейкі журналісцкі матэрыял, зроблены ў адпаведнасці з усімі прафесійнымі стандартамі, які проста пастанавілі лічыць злачынствам — белае назвалі чорным, нават не спрабуючы нічога даказваць.
У першым выпадку так было са стрымам з плошчы Перамен. Што было ў другім выпадку — над гэтым мы ламалі галаву ўвесь гэты час.
У мяне было 4-5 версій, за якую рэзанансную журналісцкую публікацыю Кацю маглі пакараць. Аднак гэта былі «голыя» версіі без аніякіх зачэпак, таму пазл не складваўся. Справа ў тым, што калі спецслужбы пастанавілі лічыць журналісцкі матэрыял злачынствам, гэта павінна пакідаць сляды. Я маю на ўвазе, што людзі, датычныя да гэтага матэрыялу (героі, крыніцы або суаўтары), мусяць таксама стаць абвінавачванымі, падазраванымі ці, прынамсі, сведкамі. А ні па адной з маіх версій я такіх слядоў не знаходзіў. Пакуль калегі не даведаліся пра прысуд Сяргею Васільеву.
Здаецца, гэта якраз той кавалак галаваломкі, якога не хапала. Ён, на мой погляд, тлумачыць усе дзіўныя акалічнасці справы, пра якія я раней казаў:
1) Справу супраць Каці распачалі органы не ў Мінску, а ва УКДБ па Гомельскай вобласці. Хаця Каця ніколі не жыла на Гомельшчыне і яе журналісцкія тэксты, звязаныя з гэтым рэгіёнам, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Акрамя інтэрв’ю з Васільевым, усе астатнія — абсалютна шараговыя і бяскрыўдныя, кшталту атмасфернага рэпартажу з Гомеля падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны… Затое ў Гомелі жыў і працаваў на мясцовы УКДБ агент Васільеў.
2) Вярхоўны суд (апеляцыйная інстанцыя) скарэкціраваў фармулёўку прысуду Каці з «выдачы дзяржаўных сакрэтаў» (як у Васільева) на «шпіянаж». Ну, усё зразумела. Каця не валодала сакрэтамі, а проста задавала пытанні — гэта лагічней нацягваць на «шпіянаж». А ў Васільева застаецца «выдача».
3) Поўная адсутнасць публічнай інфармацыі — нават у фармаце прапагандысцкай прапрацоўкі і зліваў. Ну правільна, занадта далікатная тэма, каб яе ўвогуле закранаць у інфармацыйнай прасторы.
Пры гэтым я наўмысна выношу за дужкі кейс Цыганкова — не гатовы ацэньваць гэтую лінію з расследавання калег. Не ведаю, мела месца «зачыстка сведак», помста або проста спрацавала логіка, «чаму б не пасадзіць журналістку на 8 гадоў, калі цяпер усё дазволена?» Але ў мяне амаль не застаецца сумневаў у тым, што вырак Каці звязаны са справай Васільева.
Таксама хачу паправіць калег, якія называюць матэрыял Каці пра Васільева «расследаваннем». Журналісцкае расследаванне — гэта калі ты сам распрацоўваеш ідэю, шукаеш крыніцы, пераконваеш чалавека пагутарыць і выцягваеш новыя факты. Такіх артыкулаў у Каці было шмат. Але ў дадзеным выпадку гэта было проста інтэрв’ю плюс фактчэкінг. Васільеў сам звярнуўся ў рэдакцыю і сказаў, што хоча распавесці пра сваю працу ў КДБ. Рэдактар даў Каці кантакт гэтага чалавека ў Шчэціне (тады Васільеў жыў у Польшчы) і даручыў пагутарыць з ім. Усё. Па сутнасці, гэта было руціннае рэдакцыйнае заданне: напісаў і забыў. На працягу амаль пяці гадоў нікому і ў галаву не магло прыйсці, што гэту працу можна абвесціць злачынствам.