Хронікі рэпрэсій. Пачалі судзіць 15-гадовага палітвязня, схапілі студэнта-першакурсніка
З
дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра
палітычны пераслед у Беларусі за 7 верасня.
У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы 15-гадовага Арцёма Вайцяховіча — брата адміністратара канала «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 208 КК (вымаганне). Вядома, што брат Арцёма, які зараз за мяжой, атрымліваў патрабаванні спыніць дзейнасць як умову для вызвалення Арцёма.
Хлопца ўтрымліваюць пад вартай з 30 студзеня гэтага года. Справу будзе разглядаць суддзя Лідзія Целіца. Суд адразу зрабілі закрытым.
Пасля выбараў 2020 года лукашэнкаўскі рэжым асудзіў па палітычных крымінальных справах больш за дзесяць непаўнагадовых.
Затрыманы студэнт
БДПУ Герман Лебедзеў. Ён нібыта адміністраваў чат, дзе
«публікавалася жорсткасць у дачыненні да расійскіх вайскоўцаў». На відэа яго
прымусілі сказаць, што ён вучыцца на першым курсе БДПУ і нібыта «адміністраваў
нацыяналістычны чат беларусаў і украінцаў».
Таксама хлопец «прызнаецца» ў распаўсюдзе «нацысцкіх і экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Затарыманы праграміст
Дзмітрый Часнакоў. Нібыта за тое, што «адказаў у грубай форме і паклаў
трубку» на званок міліцыянтаў.
На відэа яго прымусілі сказаць, што ён працуе праграмістам у адной з кампаній. Паведамляецца, што яму патэлефнавалі міліцыянты, аднак мужчына іх не даслухаў, «адказаў у грубай форме і паклаў трубку».
Пасля гэтага да яго прыехалі сілавікі і нібыта выявілі, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Яму інкрымінаваны арт. 342 КК.
Фігурантку справы «Рабочага Руху» Ганну Аблаб перавялі ў гомельскую калонію.
Ганна — супрацоўніца беларускай чыгункі. Палітзняволеная мае траіх дзяцей, двое з якіх — непаўнагадовыя. Яе затрымалі 22 верасня 2021 года па справе «Рабочага руху». У Гомельскім абласным судзе 17 лютага вынеслі прысуд дзесяці палітзняволеным фігурантам: Ганну асудзілі да 11 гадоў калоніі.
Іх усіх абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве», а таксама па шэрагу іншых крымінальных артыкулаў. Усе палітвязні не прызналі сваёй віны па справе. 11 жніўня МУС унёс палітзняволеную ў «спіс экстрэмістаў».
З'явілася інфармацыя аб затрыманнях на лідскіх прадпрыемствах ААТ
«Лідахлебапрадукт» і ААТ «Лакафарба». Адзначаецца, што затрыманні супрацоўнікаў адбыліся за «падпіскі» і распаўсюд
экстрэмісцкіх матэрыялаў. На ААТ «Лакафарба» ўчора былі затрыманы шэсць чалавек
— сёння іх выпусцілі, выпісаўшы кожнаму штрафы па 10 базавых велічынь (370
рублёў).
За «экстрэмісцкія» татуіроўкі затрыманы фанат ФК «Дынама
Брэст». Яго прозвішча не
называецца. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына меў татуіроўкі
«1312» і «АСАВ». На відэа яго прымусілі паабяцаць пазбавіцца ад іх.
Чарговае папаўненне спіса «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго дадалі тэлеграм-каналы і чаты «VIRUS Belarus Live», «Акции Вильнюса 2023», «FRANЦ» (і яго лагатып), «НАШ ЧАТ», ютуб-каналы «Кастусь 2.0», «Кастусь – ООС», «Кастусь» (і іх лагатыпы), чаты ў «Вайберы» з назвамі «Бухалка МТА», «дзеці Міжрэчча».
Палітвязень Ілля
Палхоўскі цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю. Хлопца асудзілі па
берасцейскай «справе карагодаў», распачатай паводле падзей 13 верасня 2020 года
ў горадзе, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт. У
судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня 2021 года палітвязняў асудзілі да 2
гадоў «хіміі» паводле арт. 342 КК.
Пасля прысуду Ілля спрабаваў збегчы з Беларусі, але быў затрыманы каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Пасля 15 сутак арышту быў змешчаны ў СІЗА, а потым пераведзены на «хімію».
Палітвязень з верасня 2021 года адбываў пакаранне ў
ПУАТ № 39, а на пачатку верасня 2022-га быў пераведзены ў віцебскую ПУАТ № 9.