Памёр грамадскі дзеяч Вацлаў Нямковіч
Памёр нязменны кіраўнік грамадскага аб’яднання "Хрысціянская злучнасць "Курапаты" Вацлаў Нямковіч.
Урочышча Курапаты пад Менскам з’яўляюцца мемарыялам ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 30–40 гадоў мінулага стагоддзя. Вацлаву Нямковічу было 87 гадоў. І значную частку жыцця ён аддаў справе ўшанавання памяці бязвінных ахвяраў палітычных рэпрэсій у былым СССР.
Па словах сябра арганізацыі "Хрысціянская злучнасць "Курапаты" Алеся Макава, Вацлаў Нямковіч памёр раніцай 30 траўня ў 9 клінічнай бальніцы Менску, дзе знаходзіўся пасля паўторнага інсульту:
— Вацлаў Адольфавіч вельмі шмат зрабіў для Курапатаў, пастаянна цікавіўся справамі, насамрэч вельмі шмат зрабіў і быў нязменным кіраўніком нашай арганізацыі. Удзельнічаў у судах у абарону Курапатаў, вёў ліставанне з дзяржаўнымі ўстановамі, у яго багаты архіў на гэтую тэму.
Развітанне з Вацлавам Нямковічам адбудзецца ў рытуальнай зале 9-й клінічнай бальніцы на вуліцы Сямашкі ў Мінску 31 траўня з 12 да 13 гадзін.
Пахаваны Вацлаў Нямковіч будзе на радзіме, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.