Памятаеце хапун у Лідзе? Сталі вядомы прычыны затрыманняў і прысуды
У Лідзе пасля масавых затрыманняў прайшлі суды — абвінавачаным прызначылі арышты і штрафы. Падрабязнасці распавядае выданне hrodna.life.
У судзе Лідскага
раёна за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП
вынеслі некалькі рашэнняў. Сярод асуджаных — удава з малалетнім дзіцем і
мужчына з інвалідам першай групы на ўтрыманні.
9 кастрычніка вынеслі адразу шэсць рашэнняў
Судзілі аператара аднаго з прадпрыемстваў — ён нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкую» прадукцыю «Белсат» і «Радыё Свабода — Беларусь» у Instagram. Яго арыштавалі на сем сутак і канфіскавалі тэлефон.
Жыхарка раёна распаўсюджвала «экстрэмісцкую» прадукцыю «zerkalo io» і «radiosvaboda» ў Instagram. Дзяўчына заплаціць штраф у 30 базавых велічынь (1110 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона.
Хлопец за падпіску ў Instagram на «nexta.tv» і «zerkalo io» заплаціць штраф у 30 базавых велічынь (1110 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона.
Маме двух малалетніх дзяцей за падпіску ў Instagram на «zerkalo io», «stranadlyazhizni», «radiosvaboda» і «belsat» давядзецца заплаціць штраф у 30 базавых велічынь (1110 рублёў) без канфіскацыі мабільнага тэлефона.
Аператара мясцовага прадпрыемства, у якога на ўтрыманні інвалід першай групы, судзілі за падпіску ў Instagram на «Zerkalo_io». Яго аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1110 рублёў), тэлефон не канфіскавалі.
Мужчыну за падпіску ў Instagram на «zerkalo io» і «radiosvaboda» прысудзілі штраф у 30 базавых велічынь (1110 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона.
Судзілі ўдаву і намесніка дырэктара
4 кастрычніка судзілі ўдаву, якая мае малалетняе дзіця. Яна «распаўсюджвала» ў «Аднакласніках» прадукцыю груп «Официальная группа Хартия 97», «Виктор Бабарико», «Мая краiна вольная вялiкая еyрaпейская Беларусь». Дзяўчына таксама заплаціць штраф у памеры 30 базавых велічынь (1110 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона.
12 кастрычніка 2023 года судзілі намесніка дырэктара аднаго з прадпрыемстваў і бацьку малалетняга дзіцяці за распаўсюджванне інфармацыі «Naviny — Новости Беларуси» ВКонтакте. У выніку яго арыштавалі на 15 сутак і канфіскавалі тэлефон.
Затрыманні ў Лідзе
Лукашэнкаўскія сілавікі ўзмоцнена працавалі ў Лідзе з верасня 2023 года. Там
прайшлі затрыманні на дзесяці прадпрыемствах: «Лідахлебапрадукт»,
«Лакафарба», «Лідсельмаш», «Белтэкс Оптык», Лідская ЖКГ, «Конус», Лідскі малочна-кансервавы
камбінат і неназванае прыватнае прадпрыемства. Пасля затрыманняў некаторых
чакалі звальненні.