Памежнікі змогуць блакаваць аўто даўжнікоў на мяжы і перадаваць судовым выканаўцам

Цяпер на беларускай мяжы могуць затрымаць і заблакаваць аўтамабіль даўжнікоў — і «неадкладна праінфармуюць органы прымусовага выканання». Тыя павінны забраць яго з мяжы на працягу трох дзён.

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1__logo.jpg

Арыштаваны транспарт даўжніка не зможа перасекчы дзяржмяжу Беларусі, а сам аўтамабіль будуць перадаваць судовым выканаўцам. Гэта прадугледжвае пастанова Міністэрства юстыцыі ад 21 траўня 2021 г. № 93 «Аб узаемадзеянні органаў прымусовага выканання з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі», піша «Люстэрка».

Згодна з дакументам, пасля вынясення забароны на перамяшчэнне праз мяжу арыштаванага транспартнага сродку Міністэрства юстыцыі не пазней за адзін працоўны дзень будзе накіроўваць у Дзяржпамежкамітэт звесткі пра такія аўтамабілі для ўнясення ў аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму, якая функцыянуе ў пунктах пропуску.

Калі арыштаваны аўтамабіль паспрабуе перасекчы мяжу, памежнікі яго заблакуюць у пункце пропуску і «неадкладна праінфармуюць органы прымусовага выканання».

Судовыя выканаўцы, у сваю чаргу, абавязаныя цягам трох дзён прыехаць па арыштаванае аўто, забраць яго і адправіць на ахоўную стаянку.

Пастанова ўступае ў сілу з 1 сакавіка 2024 года.