Палітвязню Міхаілу Жамчужнаму ў следчым ізалятары забаранілі спатканні і перадачы
Віцебскім праваабаронцам Леаніду Свеціку і Паўлу Левінаву не дазволілі спаткацца з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, якога з калоніі ў Горках перавялі ў віцебскі следчы ізалятар, паведамляе «Свабода».
«У адміністрацыі не далі сустрэцца і забаранілі для яго перадачу. Дазволілі толькі пералічыць грошы на ягоны рахунак. Сёння мы пералічылі яму невялікую суму», — паведаміў Леанід Свецік 6 сакавіка.
У канцы лютага стала вядома, што заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Платформ інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага, які адбывае 6 з паловай гадоў зняволення, этапавалі з горацкай калоніі ў віцебскі следчы ізалятар.
Пазней высветлілася, што Міхаіла Жамчужнага збіраюцца дапытаць у межах іншай крымінальнай справы — пра зніклую маёмасць, — якую заводзілі яшчэ ў 2011 годзе. Пра гэта Свабодзе паведаміла прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова.
«У лісце ад 21 лютага Міхаіл паведаміў, што яго адзін раз дапыталі і больш не чапаюць. Сядзіць, як сядзеў, у адзіночцы. Сказалі, што адправяць ізноў у Горкі праз месяц. Таму мы і хацелі сустрэцца ды перадаць перадачу, каб падтрымаць», — расказаў Леанід Свецік.