Паліне Шарэндзе-Панасюк дадалі ў калоніі яшчэ адзін год зняволення
У гомельскай жаночай калоніі 7 красавіка вынеслі прысуд палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк. У гэты раз яе асудзілі па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), паведамляюць праваабаронцы.
Справу на выязным пасяджэнні разглядаў суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Крупадзёраў, які прызначыў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Паліна Шарэнда-Панасюк — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле.
Як паведамляе яе муж Андрэй Шарэнда, нікога з родных і
сяброў на суд не прапусцілі. Пракурор запрасіў для Паліны год зняволення —
менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя.
«Але, нягледзячы ні на што, Паліна не губляе аптымізму.
Яна лічыць сябе не зняволенай, а ваенапалоннай і далей працягвае барацьбу. Паліна
перадае прывітанне ўсім, хто змагаецца за свабоду як мірнымі шляхам, так і са
зброяй у руках. Яна верыць, што гэтай вясной усё атрымаецца і ва украінцаў, і ў
беларусаў. Галоўнае — не спыняцца і працягваць барацьбу!» — напісаў Андрэй у сацсетках.
Паліну ў хуткім часе перавядуць у гомельскае СІЗА, і да
апеляцыі яна будзе знаходзіцца там.
Нагадаем,
маці двух непаўналетніх сыноў у чэрвені мінулага году асудзілі да двух гадоў
калоніі агульнага рэжыму. Паліну абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага
кодэкса: арт. 364 («Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі»), арт. 368
(абраза Лукашэнкі) і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).
У канцы 2021 года Паліну ўтрымлівалі мінімум 15 дзён у
карцары, а потым змясцілі ў ПКТ да 18 сакавіка. У лютым стала вядома, што
супраць палітзняволенай узбудзілі новую крымінальную справу за «злоснае
непадпарадкаванне» адміністрацыі турмы (ч. 2 арт. 411 КК).
«На Паліну заведзена новая крымінальная справа. Гэта сумнавядомы арт. 411 КК РБ, той самы артыкул, па якім вязня за кратамі можна трымаць бясконца доўга… Адказным за чарговы ціск на Паліну з'язўляецца начальнік гомельскай калоніі падпалкоўнік Талсцянкоў Дзяніс Анатольевіч», — пісаў тады муж Паліны.