Палац у Хальчы дзяржава будзе адраджаць разам з грамадскім актывістам

У вёсцы Хальч Веткаўскага раёна працягвае разбурацца старажытная сядзіба шляхецкага каталіцкага роду Халецкіх, уключаная ў «Залатое кальцо Гомельшчыны». Нагадаем, палац патрабуе рэстаўрацыі, якая абыдзецца прыкладна ў 2 млн. еўра, дзяржава працягвае шукаць інвестараў, гатовых ўкласці грошы ў адраджэнне сядзібы.

828fdacd49aeb865c4be13426ecef1b3_l.jpg


Падчас двух працоўных сустрэч, якія прайшлі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі і на тэрыторыі былой Хальчанская сядзібы з удзелам валанцёраў, прадстаўнікоў палацава-паркавага ансамбля і Веткаўскага райвыканкама, была выпрацавана праграма дзеянняў, накіраваных на аказанне пасільнай дапамогі помніку. У жніўні-верасні плануецца правесці некалькі выязных суботнікаў, першы з якіх пройдзе 13 жніўня. У акцыі возьмуць удзел супрацоўнікі палацава-паркавага ансамбля, прадстаўнікі моладзевага краязнаўчага аб'яднання «Талака», студэнцкага навуковага таварыства гісторыі, архітэктуры і краязнаўства імя Шабунеўскага і іншыя актывісты. Яны правядуць санітарную ачыстку часткі тэрыторыі былой сядзібы, паведамляе адміністрацыя палацава-паркавага ансамбля, да якога належыць Хальчанская сядзіба.
У перспектыве тут жа мяркуецца выканаць цэлы комплекс даследчых і санітарных мерапрыемстваў, падчас якіх будзе праведзена лакалізацыя размяшчэння падмуркаў, флігеляў палаца і іншых згубленых элементаў сядзібы, ачыстка лесвіцы, якая спускаецца да ракі, ачыстка схілаў берагавой тэрасы ад сухастою і расліннасці з мэтай раскрыцця краявідных панарам палаца ,рамонт элементаў брацкай магілы. Усе гэтыя працы узгоднены з навуковым кіраўніком аб'екта і Міністэрствам культуры Беларусі.
Хальчанскі палац пабудаваны ў стылі позняга класіцызму на высокім маляўнічым беразе ракі Сож у пачатку XIX стагоддзя. З'яўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Аб'ёмна-прасторавае рашэнне палаца з'яўляецца арыгінальным і не мае прамых аналогій сярод помнікаў сядзібнага дойлідства першай паловы-сярэдзіны XIX ст. на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Літвы.
Старажытную вёску Хальч ў 1437 годзе Свідрыгайла Альгердавіч падарыў нашчадку шляхецкага роду Халецкіх, якія ў другой палове XVII стагоддзя пабудавалі тут касцёл і кляштар езуітаў.
Халецкія валодалі палацам і сядзібай да 1812 года. Калі Напалеон уступіў на гэтую тэрыторыю, яны прынялі яго бок. Пасля паразы французскай арміі Халецкія назаўжды пакінулі гэты край. Іх сядзібу канфіскавалі і прадалі з таргоў аднаму з прадстаўнікоў мясцовага шляхецкага роду Войніч-Сенажэцкіх. Ёсць звесткі, што тут ладзілі знакамітыя на ўсю акругу балі, а падчас паўстання Кастуся Каліноўскага ўладальнікі сядзібы хавалі ў сябе паўстанцаў.
Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў сядзібу адабралі. Апошні нашчадак Войніч-Сенажэцкіх быў расстраляны. У савецкі час у сядзібе размяшчалася школа для беспрытульнікаў, жаночая турма НКВД, дзе трымалі арыштаваных «ворагаў народу» — жанчын з дзецьмі, а пазней -— калгасны клуб і кіраўніцтва калгасу.


Паводле katolik-gomel.by