Пачалося?
Мінуў месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў. І ўжо бачна, што рацыю мелі апазіцыянеры, а не праўладныя палітыкі-аналітыкі. Бо менавіта апазіцыянеры казалі, што пасля прэзідэнцкіх выбараў нічога не скончыцца, а ўсё толькі пачнецца. І вось, здаецца, яно пачынаецца.
Мінуў месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў. І ўжо бачна, што рацыю мелі апазіцыянеры, а не праўладныя палітыкі-аналітыкі. Бо менавіта апазіцыянеры казалі, што пасля прэзідэнцкіх выбараў нічога
не скончыцца, а ўсё толькі пачнецца. І вось, здаецца, яно пачынаецца.
Цырымонія ўступлення на пасаду наноў абранага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца 21 студзеня, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Мерапрыемства будзе транслявацца па ўсіх
каналах Беларускага тэлебачання. Пачатак прамой трансляцыі ў 12.50 па мінскім часе. Цырымонія інаўгурацыі пройдзе ў Палацы Рэспублікі. Пасля яе завяршэння адбудзецца святочны канцэрт майстроў
мастацтваў.
Вось толькі гэтае ўрачыстае мерапрыемства з вялікай доляй верагоднасці будзе азмрочана — як звычайна, Захадам. Па неафіцыйнай інфармацыі, у цырымоніі не будзе ўдзельнічаць ніводзін пасол з
краін Еўрасаюза. Больш за тое, у гэты дзень яны сяброўскім натоўпам з’едуць з Беларусі ўвогуле. Але гэта яшчэ не самае страшнае, што можа здарыцца.
Напярэдадні інаўгурацыі, 20 студзеня, Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой патрабуе правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў. Шмат у чым прынятая рэзалюцыя адпавядае праекту Еўрапейскай
народнай партыяй, якае мае самую шматлікую фракцыю ў Еўрапарламенце.
У праекце дакумента, падрыхтаванага ЕНП, Савету ЕС і Еўракамісіі прапаноўвалася перагледзець сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі, у тым ліку ў эканамічнай сферы, а таксама неадкладна аднавіць
візавыя абмежаванні на ўезд у ЕС для шэрагу беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў судоў і праваахоўных органаў, якія мелі дачыненне да парушэнняў падчас галасавання і рэпрэсій пасля
прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
ЕС замарозіць усю макрафінансавую дапамогу ў выглядзе крэдытаў МВФ, праграм Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця; замарозіць удзел Беларусі ў праграме
«Усходняе партнёрства» да станоўчых зменаў пачынаючы з «безумоўнага вызвалення прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі»; абмежаваць кантакты з беларускімі ўладамі да
«абсалютнага мінімуму»; замарозіць маёмасць «Белтэхэкспарта» і іншых беларускіх экспарцёраў узбраення і ваеннай тэхнікі.
Кіраўніцтва ЕС будзе падтрымліваць развіццё дэмакратыі ў Беларусі шляхам павелічэння фінансавай падтрымкі недзяржаўным СМІ і арганізацыям грамадзянскай супольнасці, колькасці стыпендый для выключаных
з ВНУ беларускіх студэнтаў, працягнуць падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. А таксама паскорыць падрыхтоўку пагадненняў паміж Беларуссю і ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі,
каб спрасціць кантакты паміж людзьмі.
Так што, магчыма, Аляксандр Лукашэнка будзе вельмі раздражнёны. Не менш раздражнёная будзе і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Ніхто не сумняецца, што яна патрапіць у спіс непажаданых у Еўропе асоб. А
яна ж амаль на пенсіі. Не спраўдзіцца, пэўна, ужо ніколі яе мара наведаць Парыж і пасядзець ва французскай кавярні з томікам Хемінгуэя. Вось ўжо сапраўды: «Сядзі дома, вары
боршч».
Самае непрыемнае, што гэта ўжо пачало спраўджвацца. Міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву анулявана запрашэнне на штогадовую Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы. Старшыня канферэнцыі
Вольфганг Ішынгер прыняў рашэнне не запрашаць Мартынава «ў знак пратэсту супраць сітуацыі з правамі чалавека ў аўтарытарна кіраванай краіне».
Не патрапіць ў Германію і міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў. Баварскі міністр эканомікі адклікаў запрашэнне міністру эканомікі Беларусі Мікалаю Снапкову ўзяць удзел у канферэнцыі ў Мюнхене.
Баварскі міністр заявіў, што з-за апошніх падзей у Беларусі прысутнасць Снапкова на канферэнцыі «непажаданая». Пры гэтым ён не ўдакладніў, ці ідзе размова пра канферэнцыю па
бяспецы.
18 студзеня ў прэс-службе МЗС Польшчы паведамілі, што забарона на ўезд у гэтую краіну для шэрагу беларускіх чыноўнікаў ужо ўвайшоў у сілу. «Варшава актыўна ўдзельнічае ў абмеркаванні спісу
асоб, якім можа быць забаронены ўезд у Еўрасаюз. Адначасова Польшча падрыхтавала ўласны спіс прадстаўнікоў беларускага рэжыму, якім забаронены ўезд у краіну. Гэты спіс ужо ўступіў у сілу»,
— падкрэслілі ў прэс-службе. Прозвішчы чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на польскую тэрыторыю, не абвяшчаюцца. Але раней паведамлялася, што забаронай на ўезд у Польшчу будуць ахопленыя
асобы, адказныя за рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня, у тым ліку пракуроры, суддзі, чыноўнікі, супрацоўнікі спецслужб.
Між тым, улады «сінявокай» робяць выгляд, што нічога не адбылося і не адбываецца. Інжынерныя войскі могуць аказаць дапамогу будаўнікам у падрыхтоўцы пляцоўкі для будучай
беларускай АЭС. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 19 студзеня ў Мінску начальнік інжынерных войскаў Алег Воінаў. Паводле яго слоў, «калі будзе такая неабходнасць, калі будзе прынята такое
рашэнне, то інжынерныя войскі здольныя выканаць ускладзеныя на іх задачы і дапамагчы ў падрыхтоўцы пляцоўкі».
Супакойцеся, спадар з ваяўнічым прозвішчам! Пасля 19 снежня ніводная краіна не будзе будаваць атамную станцыю ў Беларусі! Ніхто не стане даваць у рукі Лукашэнку нават «самы мірны
атам», нават нізкаўзбагачаны ўран. Навошта даваць непрадказальнаму чалавеку тое, з чаго можна зрабіць хай не атамную, але «брудную бомбу». А калі нават знойдзецца такі
самазабойца, які рызыкне рэпутацыяй у Еўропе і далейшымі ў дачыненні да яго санкцыямі, то Беларусь папросту не знойдзе грошай яму заплаціць. Таму на планах пабудовы АЭС у Беларусі можна ставіць
тлусты крыж.
Так што «зялёныя» могуць святкаваць перамогу, хоць здабылі яе зусім не яны.