«Па просьбах грамадзян». У Беларусі анансавалі маштабную праверку маршрутак

Маштабную праверку тых, хто займаецца міжгароднімі перавозкамі, сёння, 21 лютага, паабяцала Міністэрства па падатках і зборах. Традыцыйна, гэта робіцца з-за «шматлікіх скаргаў пасажыраў».

_belarus_zima_snezan_pryroda_fota_iljustracyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__21__logo.jpg

Міністэрства па падатках і зборах у сваім тэлеграм-канале анансавала праверкі “суб'ектаў гаспадарання, якія аказваюць паслугі ў сферы міжгародніх перавозак пасажыраў у рэгулярных (нерэгулярных) зносінах”.

Чыноўнікі сцвярджаюць, што “ў адрас падатковых органаў узрасла колькасць зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама паведамленняў ад дзяржаўных і праваахоўных органаў аб парушэннях, дапушчаных перавозчыкамі пасажыраў у міжгароднім спалучэнні. У большасці выпадкаў паведамленні ўтрымліваюць звесткі аб парушэннях парадку прыёму сродкаў плацяжу пры аказанні паслуг па перавозцы пасажыраў, адсутнасці неабходнага касавага абсталявання, ажыццяўленні незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці”.

Падаткавікі ў краіне, у якой ужо некалькі гадоў “не да законаў” нагадваюць: “У чарговы раз звяртаем увагу асоб, якія аказваюць паслугі ў сферы перавозак пасажыраў, на неабходнасць выканання заканадаўства!”

Цяпер Міністэрства па падатках і зборах “у мэтах кантролю за выкананнем заканадаўства, а таксама забеспячэння бяспекі і правоў пасажыраў” разам з упраўленнямі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі і транспартнай інспекцыі “ў бліжэйшы час” запланавала “правядзенне маштабных кантрольных мерапрыемстваў у дачыненні да суб'ектаў гаспадарання, якія аказваюць паслугі ў сферы міжгародніх перавозак пасажыраў у рэгулярных (нерэгулярных) зносінах”.


Тое, што да маршрутак менавіта зараз узнікла дадатковая ўвага, можа тлумачыцца і жахлівай аварыяй, якая адбылася ўдзень 20 лютага ў Смалявіцкім раёне. Там на 9-м кіламетры трасы Р69 Смалявічы — Шацк адбылося лабавое сутыкненне грузавога аўтамабіля МАЗ з маршрутным таксі. У выніку ДТЗ 11 чалавек, у тым ліку дзіця, ад атрыманых траўмаў памерлі на месцы. Яшчэ дзесяцёра з цялеснымі пашкоджаннямі дастаўленыя ў бальніцу.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асобаў) КК Беларусі.