Новы старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч пра Курапаты і планы арганізацыі

Дзяніс Урбановіч абраны старшынём Маладога фронту 15 снежня. Ён называе абарону Курапатаў прыярытэтным напрамкам дзейнасці арганізацыі ў бліжэйшы час.

img_20181217_104835.jpg

У Курапатах расстраляны мой дзед, Язэп Гладкі, заснавальнік беларускіх школ на Лагойшчыне. Ягоны брат, Казімір Гладкі, пасля Другой сусветнай арганізаваў беларускае школьніцтва ў Германіі, потым пераехаў у Нью-Ёрк. У 1991 годзе сябры БНФ усталявалі на нашай хаце шыльду ў гонар братоў-асветнікаў. Дасюль у школе вёскі Корань існуе прысвечаны ім музей, але шыльду з будынка школы прыбралі супрацоўнікі КДБ у 2015-м.
Мяне ў шаснаццаць гадоў прывёз у Курапаты бацька. На пачатку 1990-х, хоць і не без складанасцей, яшчэ можна было атрымаць даведку з архіваў КДБ. Мой тата пра гэта парупіўся і мы маем паперу, што Язэп Гладкі знаходзіўся ў мінскай вязніцы і расстраляны ля вёскі Зялёны луг у 1937 годзе. Неяк да ўдзельнікаў варты прыходзіў чалавек з падобнай даведкай, датаванай 1994-м годам, і там было пазначана, што яго сваяк расстраляны ў Курапатах.
Па тэрыторыі Лагойскага раёна праходзіла савецка-польская мяжа, таму ў нас часта лавілі “шпіёнаў”. Усе ведалі пра гэта, ведалі пра рэпрэсіі, што людзям прыпісваюць нібыта службу на польскую выведку. Аднаго чалавека асудзілі нават як японскага шпіёна! Смешна ж, дзе Лагойск і дзе Японія! У адным толькі Лагойскім раёне было рэпрэсавана тры тысячы чалавек, шмат з іх жыло на хутарах вакол дотаў лініі Сталіна. У школе нам пра гэта не казалі, хаця было шмат свядомых беларускамоўных настаўнікаў, агулам беларуская школа. Цяпер ужо няма ўрокаў па краязнаўстве, а калі я вучыўся, то былі, “Гісторыя Лагойшчыны”. Я рыхтаваў туды даклад па кніжцы “Памяць”, хацеў казаць пра рэпрэсіі, а гісторык мне не рэкамендаваў гэтага рабіць.
Галоўным сваім настаўнікам я лічу Уладзіміра Палупанава, паплечніка Зянона Пазняка. Ён родам з маёй вёскі Корань, у 2000-м эміграваў у Парыж, заснаваў там суполку беларускай моладзі. У 2009-м вярнуўся, выдаў кніжку “Час збіраць камяні” з артыкуламі па краязнаўстве Лагойшчыны, у тым ліку пра рэпрэсіі. Выйшла ўсяго пяцьдзясят асобнікаў. А ўвосень 2017-га ён знік без вестак, дасюль родныя і сябры не ведаюць, што з ім.
Для мяне абранне старшынём Маладога фронту – вялікая адказнасць. Самае першае пытанне цяпер – гэта абарона Курапатаў. Калі паслухаць маё сэрца, я думаю, што прымуць рашэнне хаця б зачыніць рэстаран “Поедем, поедим”. Нават калі распачнуцца перамовы наконт адкрыцця музея, не верыцца, што ён распачне працу, калі недалёка – лінія Сталіна. Павінны быць вернутыя ахоўныя зоны ў 150 метраў. Хай ці зносяць будынкі, ці пераносяць… Перанесці – нічога складанага тут няма. Гэта ўсё драўлянае, яно разбіраецца. Я гатовы працаваць задарма, абы разабраць. І са мной шмат людзей. Загрузіць, а гаспадары хай вязуць, месца шмат. Шмат хто думае, што стаяць тут бескарысна, нас усіх перасаджаюць, ці самі сыйдзем. Так мо і Зайдэс думаў, што пачнуцца маразы і варта спыніцца.
Увесну будзем ставіць яшчэ крыжы, недзе з боку кальцавой і ад Заслаўскай шашы, дзе не даставілі. Будзем прыцягваць моладзь, працаваць з ёй. У нас пройдзе яшчэ адзін з’езд, прыкладна ў сярэдзіне лютага, дзе абярэм некалькі намеснікаў старшыні і каардынатараў па рэгіёнах: Барысаў, Лагойск, Плешчаніцы, Маладэчна і Вілейка.
Актыўных сяброў у Маладога Фронта зараз сямёра, яны прыходзяць у Курапаты па пятніцах і суботах, працуюць у сацсетках. Падчас святкавання ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну да арганізацыі далучылася пятнаццаць чалавек. Публічна прыняць прысягу не ўсе захацелі, бо людзі вучацца, працуюць. Можа, не ўсе яны гатовыя да адкрытага ўдзелу ў акцыях, але падтрымліваюць нас. Сацыяльнымі акцыямі пратэсту Малады фронт не займаецца, для гэтага ёсць іншыя актывісты. Як прыватная асоба я падтрымліваю ўсе акцыі, але арганізацыя, лічу, павінна займацца ў першую чаргу працай з моладдзю, каб тая памятала нашу мову, гісторыю. Пасля Новага года плануем адукацыйную ініцыятыву “Што павінны ведаць кожны беларус”, на вуліцах, бліжэй да ўніверсітэтаў, дзе шмат моладзі.
Агулам працы шмат, далучайцеся!