Новая хваля міграцыйнага крызісу. Паміж молатам і кавадлам
Людзі, якія захраслі ў лясах на беларуска-польскай мяжы, маюць усё менш шанцаў на выжыванне, упэўнены актывісты, якія працуюць з уцекачамі. Што адбываецца з імі цяпер?
У Белавежскай пушчы, якая ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, сотні мігрантаў змагаюцца за выжыванне ў спадзеве трапіць у Еўропу. Два гады таму на беларуска-польскай мяжы пачаўся міграцыйны крызіс, і з таго часу там было знойдзена 48 цел бежанцаў, паведамляе польская няўрадавая арганізацыя «Grupa Granica».
«Яны сапраўды могуць быць негатовымі выжываць тут», — кажа Ганна Албот, польская актывістка, якая дапамагае ўцекачам.
Мігранты спрабуюць выжыць у гэтай «чырвонай зоне». І кожны сезон прыносіць свае цяжкасці, піша «Euronews».
«Усходняя Польшча — вельмі суровы край. Тут ёсць балоты і велізарныя лясы. Улетку тут вельмі горача, і няма чаго піць. Узімку можа быць холадна, да мінус 20 градусаў», — разважае Албот.
Яшчэ адной небяспекай, на думку актывісткі «Grupa Granica», з'яўляецца прысутнасць польскіх памежнікаў.
«Іх збіваюць польскія памежнікі, кусаюць сабакі, у іх адбіраюць грошы, знішчаюць тэлефоны, каб яны больш не маглі камунікаваць. Усё гэта робіцца для таго, каб адбіць у іх ахвоту прыходзіць», — тлумачыць яна.
Хоць з 2021 года ў Польшчы законна вяртаць мігрантаў назад, польскія памежнікі адмаўляюць, што яны гэта робяць.
«Да польскіх афіцэраў няма ніякіх прэтэнзій. Я не разумею, адкуль бяруцца гэтыя абвінавачанні. Калі хтосьці лічыць, што польскі памежнік прымяніў гвалт, ён павінен падаць скаргу ў суд», — тлумачыць прэс-сакратарка Польскай памежнай службы Ганна Міхальска.
Хадайніцтвы аб прадастаўленні прытулку адхілены
Польская няўрадавая арганізацыя «Grupa Granica» таксама абвінавачвае польскіх памежнікаў у тым, што яны не прымаюць заявы аб прадастаўленні прытулку ад мігрантаў. «Яны не дазваляюць ім падаваць заявы, нават калі яны гавораць па-англійску і паказваюць свае дакументы», — кажа актывістка кампаніі Ганна Албот.
Прэс-сакратарка польскіх памежнікаў адмаўляе таксама і гэтыя абвінавачанні. Паводле яе слоў, мігранты не плануюць заставацца ў Польшчы, а хочуць шукаць прытулку ў Германіі, Францыі ці Вялікабрытаніі. «Вось чаму яны хаваюцца ад нас», — заяўляе Міхальска.
У 2022 годзе Польшча пабудавала сталёвую сцяну працягласцю ў 186 км, каб перашкодзіць мігрантам перасякаць мяжу з Беларуссю, але яе эфектыўнасць ставіцца пад сумнеў.
«За два гады нічога не змянілася, людзі па-ранейшаму спрабуюць перасячы мяжу. На мінулым тыдні мы дапамаглі 250 дзецям і цяжарным жанчынам, — кажа Ганна Албот. — Са зламанай нагой ці рукой перасякаць лес складаней».
У Польшчы міграцыйнае пытанне становіцца часткай палітычных дэбатаў у разгар выбарчай кампаніі. Варшава выступіла супраць рэформы еўрапейскай міграцыйнай палітыкі на апошнім еўрапейскім саміце. Гэтай восенню, адначасова з парламенцкімі выбарамі, польскі ўрад хоча правесці рэферэндум па пытанні аб прыёме бежанцаў.
А што ў Беларусі?
Як высветліў «Беларускі расследавальніцкі цэнтр», у 2021 годзе, у разгар першай хвалі мігранцкага крызісу, плынь нелегальнай міграцыі кантралявалі беларускія ўлады. Яны далі 12 фірмам эксклюзіўныя правы на выдачу запрашэнняў для афармлення беларускіх віз грамадзянам краін Блізкага Усходу. Пяць з іх зарэгістраваны на былых супрацоўнікаў органаў або на блізкіх і сваякоў сілавікоў. Тады Лукашэнка заявіў, што больш не будзе перашкаджаць людзям, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Еўрасаюз. Гэта было пададзена як адказ на санкцыі ЕС за прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» з Раманам Пратасевічам на борце. Аднак аналітыкі БРЦ лічаць, што правакацыю беларускія ўлады пачалі планаваць раней.
Напрыканцы сакавіка 2023 года сітуацыя на мяжы Беларусі і краін ЕС зноў абвастрылася. Каля сотні спроб яе незаконнага перасячэння фіксуюцца штодня, паведамляюць польскія памежнікі. Часта канчатковая мэта мігрантаў — Германія. Міністры ўнутраных спраў зямель Брандэнбург і Саксонія запатрабавалі ўвесці стацыянарны кантроль на мяжы з Польшчай і Чэхіяй, каб спыніць іх плынь. У асноўным гэта грамадзяне Афганістана, Сірыі, Емена і Турцыі. Спачатку яны прылятаюць у Расію, адтуль адпраўляюцца ў Мінск або Брэст, затым — да беларуска-польскай мяжы. Плот вышынёй пяць з паловай метраў, які пабудавалі летась, яны пералазяць з дапамогай лесвіц, папярэдне пераканаўшыся, што паблізу няма польскіх памежнікаў. Затым сыходзяць у лес на некалькі кіламетраў, дзе іх падбіраюць загадзя нанятыя кіроўцы і вязуць у Германію.
БРЦ невядома, хто каардынуе цяперашнюю хвалю міграцыйнага крызісу. Аднак расследавальнікі высветлілі, хто стаяў каля яго вытокаў два гады таму. Дзеля гэтага яны вывучылі запісы праслухоўвання беларускіх сілавікоў, якія ім далі «Кіберпартызаны». Прачытаць пра гэта можна тут.