Працэс Эдуарда Бабарыкі — частка агульнага працэсу вынішчэння прававой сістэмы

Чым можна патлумачыць шматлікія парушэнні ў справе Эдуарда Бабарыкі і ці стане падобная практыка звычайнай? У межах дыктатуры могуць з’явіцца і з’яўляюцца любыя, нават самыя нечалавечыя законы, і для іх няма ніякіх абмежаванняў.

marsz_adzinstva_6__19__logo_1.jpg

Як у дыктатарскіх рэжымах пануе rule by law. I што трэба сябе спытаць, калi вы бачыце Бабарыку ў кайданках, высвятляў у юрыста «Филин».

Праз больш як тры гады ўтрымання пад вартай у Мінску адбыўся суд і быў вынесены вырак Эдуарду Бабарыку. 8 гадоў калоніі строгага рэжыму — крыху менш, чым запытваў пракурор.

Нагадаем, што да гэтага Эдуард тры гады знаходзіўся ў СІЗА — гэта антырэкорд, самы доўгі ў краіне тэрмін чакання суда па палітычна матываванай справе. Прытым абвінавачанне ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч.2 арт. 235 КК РБ) з яго знялі.

Арганізацыю масавых беспарадкаў (ч.1 арт.293) перакваліфікавалі ў арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт.342). Хоць цалкам незразумела, як Бабарыка-малодшы, які ў жніўні 2020-га ўжо быў у СІЗА КДБ, мог ладзіць і курыраваць хоць якое парушэнне парадку па-за сценамі вязніцы.

Іншыя артыкулы — узбуджанне сацыяльнай варожасці (ч.3 арт.130), ухіленне ад выплаты падаткаў (ч.2 арт.243), па сутнасці, следчыя даказаць не змаглі. Сваю віну палітзняволены не прызнаў па ўсіх пунктах.

Затое ў выніку чамусьці Эдуарду не залічылі ў агульны тэрмін 1,5 гады знаходжання ў СІЗА КДБ — з лета 2020 да снежня 2021 года. Здавалася б, ці варта здзіўляцца ў сітуацыі «не да законаў» — ці гэта чарговае парушэнне рэжымам сваіх жа нормаў?

Чым можна патлумачыць шматлікія парушэнні ў гэтай справе і ці стане падобная практыка звычайнай, Филин папрасіў пракаментаваць юрыстаў.

«Робяць, бо могуць рабіць»

Юрыст Максім Палавінка зазначае, што ў апошнія два гады логікі ў беларускіх законах, а тым больш у дзеянні так званых праваахоўных органаў, судоў, ён наогул не бачыць:

— Не ведаю, як бандыцкія дзеянні можна апісваць у катэгорыях права і законнасці. Шукаць нейкі сэнс і тлумачэнні, чаму вось тут вялікае парушэнне, а там былі меншыя, у мяне асабіста не атрымліваецца.

Мы вяртаемся ў той час, калі ў Савецкім Саюзе з’явіўся праваабарончы Хельсінкскі рух, і асноўным пасылам было: «Выконвайце свае законы». То-бок, нават не міжнародныя канцэпты правоў чалавека, нешта вялізнае, а свае ўласныя законы.

Працэс Эдуарда Бабарыкі, на думку юрыста — частка агульнага працэсу вынішчэння прававой сістэмы, failed state, failed justice.

— Якім чынам гэтае знішчэнне праяўляецца ў канкрэтным выпадку, зусім не важна. Яны робяць тое, што робяць, таму, што могуць. І ўжо не істотна, якія матывы, ці тэлефанаваў нехта з «падказкай», які мусіць быць прысуд, ці суддзя, як зараз кажуць, арыентуецца на сігналы з тэлевізару — глядзіць Азаронка, іншых прапагандыстаў, і гэтага дастаткова, каб тварыць усю гэтую дзіч.

Можна доўга пералічваць парушэнні, якія былі ў гэтым працэсе, пачынаючы з кайданкоў на руках падсуднага, які быў у клетцы. Але насамрэч ёсць даволі просты спосаб вызначыць, ці парушаюцца на вашых вачах правы чалавека тымі ці іншымі спосабамі, ці не.

Вось вы бачыце Бабарыку ў кайданках, і трэба сябе спытаць: ці маглі быць дасягнутыя мэты правасуддзя іншым, менш траўматычным, менш прыніжаючым ягоную годнасць спосабам?

І калі адказ станоўчы, то парушэнне ёсць. А ўсе спасылкі, маўляў, закон дазваляе так рабіць, разбіваюцца аб простую выснову: тыя самыя мэты маглі быць дасягнутыя іншым чынам.

Тое самае датычыцца і закрыцця судовых пасяджэнняў нібыта з мэтай «нераспаўсюду персанальных звестак» — каб захаваць нейкія таямніцы, можна было закрыць асобныя пасяджэнні ці іх часткі, асобныя паперы, а не ўвесь суд.

Мне цяжка адказаць, ці была ў дадзеным выпадку помста, ці нешта іншае. Беларусь настолькі адмовілася ад усіх прававых метадаў, ад усіх межаў, што і прысуд Эдуарду Бабарыку, і запіс «пакаяльнага відэа» на юрфаку, калі ўвесь факультэт не знайшоў у сабе сілы сказаць, што так нельга, і нядопуск адвакатаў да палітвязняў, і блакаванне ліставання са зняволенымі, — фрагменты аднаго цэлага.

Усё тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, лічыць юрыст, не мае дачынення да права, бо скіравана не на справядлівасць і забеспячэнне нармальнага жыцця грамадства, а на знішчэнне няўгодных рэжыму асобаў.

— Смяротнае пакаранне за «здраду дзяржаве», суды са сведкамі ў балаклавах — гэта ўсё не аб праве, гэта аб тым, каб паказаць: мы тут сіла і мы зробім так, як пажадаем. А законы, калі трэба, змяняюцца ў рэпрэсіўны бок, і цяпер усё больш хутка.

У цывілізаваным свеце працуе rule of law — дактрына, у якой усе роўныя перад законам, і ніхто не вышэйшы за яго, пытанні вырашаюцца не «па паняццях» і не прэзідэнцкім рашэннем, а па праву. Але ў дыктатарскіх рэжымах пануе rule by law: у межах дыктатуры могуць з’явіцца і з’яўляюцца любыя, нават самыя нечалавечыя законы, і для іх няма ніякіх абмежаванняў.

Так у Беларусі парламент прыняў закон, па якім можна пазбаўляць грамадзянства; гэта супярэчыць Канстытуцыі, але Канстытуцыйны суд не выявіў ніякіх парушэнняў.

А калі законы не паспяваюць за рэпрэсіўнымі практыкамі, то прыязджае адзін пенсіянер з вусамі і кажа, маўляў, «зараз не да законаў», але мы хутка прымем новыя, і тварыць дзіч па іх будзе можна. У такой прававой сістэме ўсіх адвучаюць думаць, толькі дзейнічаць па загадзе ці прапісаным дакументальна дазволе.