Хронікі рэпрэсій за 7 ліпеня

Навіны пра палітвязняў і тое, што адбываецца ў засценках карнай сістэмы.

Ілюстрацыйнае фота: Associated Press

Ілюстрацыйнае фота: Associated Press

***

Сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч у інтэрв'ю «Deutsche Welle» расказала, што вядома пра яе сястру на сёння. У родных Калеснікавай ужо пяць месяцаў няма ад яе вестак.

— Прыходзіць вельмі хвалюючая інфармацыя з калоніі, што здароўе Марыі пагаршаецца. Бо ў нас няма аніякай сувязі з ёю, мы не можам гэта пацвердзіць. Яна настолькі ізаляваная, што ніхто не гаворыць пра тое, як яна выглядае, напрыклад. Мы не можам перадаць перадачу, хоць для яе здароўя гэта цяпер неабходна. Машы патрэбна дыетычнае харчаванне пасля аперацыі.

***

Два тыдні няма вестак пра Паўла Севярынца. Па ініцыятыве шклоўскай калоніі № 17, дзе адбываў пакаранне палітвязень, 23 чэрвеня яму быў зменены рэжым утрымання. Паводле рашэння Шклоўскага раённага суда, ён павінен адбыць бліжэйшыя тры гады ў турме. Севярынца павінны былі перавесці ў новае месца ўтрымання пад вартай на працягу 10 дзён, аднак сваякі палітыка нічога не ведаюць пра яго лёс.

Паводле слоў маці палітвязня Таццяны Севярынец, проста перад этапам ён мог апынуцца ў ШІЗА, дзе забароненая перапіска. Так з ім маглі абысціся ў ПК-17, дзе ў красавіку палітыка паставілі на ўлік як «злоснага парушальніка рэжыму».

Паводле заканадаўства, менавіта з калоніі павінны былі паведаміць, куды пераводзяць іх былога зняволенага. Але родныя не атрымлівалі паведамленняў ні ад ПК-17, ні ад самога Паўла.

***

Актывіста Андрэя Прымаку прысудзілі да чатырох гадоў калоніі. Такое рашэнне вынес Мінскі гарадскі суд яшчэ 12 чэрвеня, але інфармацыя стала вядомая толькі цяпер. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), арт. 361-1 («Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні»), піша «Вясна».

Прымаку затрымалі 12 студзеня. На другі дзень суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў яму 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Пасля «сутак» на волю ён ужо не выйшаў.

Па яго справе вядома, што палітвязень нібыта быў зарэгістраваны ў плане «Перамога».

Суд прызнаў яго вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі тэрмінам на чатыры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 29 чэрвеня Прымака этапавалі для адбыцця пакарання ў Магілёў. Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч.

***

У Бабруйску паўторна асудзілі палітвязня Сяргея Франчука і дадалі яшчэ паўгода калоніі. Франчук — стрыечны брат прадстаўніка палка Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Быў затрыманы 9 жніўня 2022 года. Вядома, што яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе мужчына жыў апошнім часам. У гэты дзень бацькі Сяргея былі на лецішчы, і 5 чалавек з мінскага АМАПа ўварвалася ў кватэру, ударылі яго пісталетам па галаве, арыштавалі, правялі вобшук, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук.

27 красавіка Сяргей Франчук быў асуджаны Мінскім гарадскім судом на тры гады калоніі агульнага рэжыму па шэрагу «пратэсных» артыкулаў. Новы суд над Франчуком па абвінавачанні ў «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) пачаўся яшчэ ў траўні. У выніку да першага прысуду Франчуку дадалі яшчэ паўгода. Такім чынам — тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

***

За адно толькі пасяджэнне суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі» аж 105 інтэрнэт-старонак. Гаворка ідзе пра чаты дыяспар, гістарычныя тэлеграм-каналы, старонкі ў СМІ, асабістыя профілі ў сацыяльных сетках і нават старонкі Linkedin.

Агульны спіс асоб, прызнаных «экстрэмістамі» на працягу дня, займае 13 старонак. Сярод іх — светлагорскі тэлеканал «Ранак», радыё «Ўнэт», а таксама сайт і сацсеткі «Салідарнасці».

***

Генпракуратура Расіі прызнала «непажаданай арганізацыяй» «Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава», паведаміла прэс-служба ведамства.

Разам з ім «непажаданай» прызналі ўсю арганізацыю «Human Rights House Foundation». У расійскай пракуратуры палічылі, што дзейнасць праваабарончай арганізацыі «накіраваная на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча, дыскрэдытацыю ўнутранай і знешняй палітыкі, якая праводзіцца кіраўніцтвам краіны».

***

Былога памочніка пракурора Глускага раёна Канстанціна Прытуленкуабвінавачваюць у «распальванні варожасці» (арт. 130 КК) і «незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці» (арт. 203 КК) праз «зліў» звестак у ЧКБ. У відэа, якое публікаваў СК, Прытуленка сказаў, што адпраўляў у чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі» звесткі супрацоўніка пракуратуры Глускага раёна і лекара.

У якасці пацярпелых па справе праходзяць больш за дзесяць чалавек, сярод якіх — былая намесніца старшыні Магілёўскага гарыспалома, «галоўны ідэолаг горада» Ала Галушка.

***

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі за кратамі ўтрымліваюцца 1493 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае ў краіне 1747 палітычных зняволеных. Сярод іх — 194 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 16 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.