Новае жыццё школы Васіля Быкава
Актывісты выкупілі будынак школы, у якую Васіль Быкаў хадзіў у першы клас, і робяць там грамадска-культурны цэнтр.
Калі Быкаў быў дэпутатам, дамогся, каб заасфальтавалі дарогу ў Бычкі
Школа, дзе будучы пісьменік некалі скончыў першы клас, — гэта звычайная вясковая хата. Апісаная ў кнізе «Доўгая дарога дадому» цераз многа гадоў:
Настаўнiкам быў Антон Васiльевiч Аўласенка з вёскi Дарошкавiчы... Сталася так, што ўсе мае сябры былi старэйшыя за мяне i пайшлi ў школу раней, а мне толькi шэсць год. Сяджу адзiн дома, а ў школе штось адбываецца цiкавае, i я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку i павёў да настаўнiка. Пагаварыў з iм, i Антон Васiльевiч кажа: хай ходзiць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, з якiм я хадзiў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацiнку, уставiў туды пяро. I пачаў я вучыцца».
У бычкоўскай школе Васіль Быкаў адвучыўся ўсяго адзін год. У другі клас пайшоў у іншую, якая мясцілася ў вёсцы Двор-Слободка. А потым вучыўся ў школе ў Кублічах — цяпер гэта так званы аграгарадок, а тады, у перадваенныя 1930-я, — звычайная вёска на Вушаччыне. Але з цікавым мінулым, якое Быкаў таксама згадвае ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе:
Цяпер школа ў Кублічах, як кажуць, «тыповая» — стандартнай савецкае будовы. Той, куды хадзіў Быкаў, ужо няма... І паколькі хадзіць «па навуку» даводзілася пешкі, дарогу да Кублічаў Васіль Быкаў ведаў да апошняй выбоіны. Але выбоіны на дарозе — зусім не радасць для вяскоўца: пыл улетку, снег узімку і бруд пасля кожнай істотнай залевы...
Васіль Быкаў, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а з 1989 г. — народным дэпутатам СССР, зрабіў для землякоў насамрэч карысную справу — дамогся, каб гэты кавалак дарогі заасфальтавалі. Так што і цяпер у Бычкі ездзяць па «быкаўскім асфальце».
Месцамі яго паднавілі, а месцамі ён так і застаўся з савецкіх часоў, парэпаны ўжо сцёрты коламі.
Сёння ў Бычках не засталося нікога, хто б вучыўся ў той самай школе, пад якую гаспадары калісьці аддалі лепшы пакой. У вёсцы — усяго пад два дзесяткі жыхароў, амаль усе пенсіянэры. Наймаладзейшы— 57-гадовы Мікола Харак, сын спадарыні Антаніны і малодшага брата Васіля Быкава, Міколы. Мікола Мікалаевіч працуе наглядчыкам у мэмарыяльным музэі Васіля Быкава.
Музэй-сядзіба месціцца ў сучасных пабудовах, выгляд якіх узноўлены архітэктарамі і майстрамі: арыгінальная хата, у якой правёў дзяцінства Васіль Быкаў, не захавалася.
Дакладней, была разбурана ў 2004 годзе — пасля таго, як яе прызналі непрыдатнай для стварэння музэю. Кажуць, захаваць было нельга, бо даўно не жылая будыніна пачала прахнуць. Цяпер на тым самым месцы з сучасных матэрыялаў узведзена копія хаты Быкавых.
А вось школа, у якой Васіль Быкаў пачынаў вучобу, яшчэ мае шанцы пазбегнуць разбурэння. Яна некалькі разоў мяняла гаспадароў. Апошнімі тутэйшымі насельнікам была сям’я «братавай» Антаніны, швагеркі Васіля Быкава.
Спадарыня Антаніна, швагерка Васіля Быкава, распавядае: «Памятаю, мы купілі гэтую хату, і Васіль якраз прыехаў. Тут да нас жыла сям’я, праўда, самі жылі за сценкай, а ў суседнім пакоі школа. Пазней яны пераехалі — тут, у Бычках, але ў іншым месцы хату збудавалі. Мы сюды перайшлі 10 лютага 1969 году. Дык Васіль тады прыехаў, і ўсё нешта ходзіць, выглядае, а потым кажа: вось тут я сядзеў, як у першы клас хадзіў.
Пазнаў! Я гэтае месца запомніла па цвіках у падлозе, — распавядае спадарыня Антаніна.
— Васіль жа ў шэсць гадоў вучыцца пайшоў, і быў такі разумнік, што ў першай клясе яму й рабіць не было чаго — усе ведаў. А дзяцей было тады шмат, ня тое што зараз. Зараз толькі прыяжджаюць, асабліва шмат з экскурсіямі».
Ужо доўгі час спадарыня Антаніна — найпершая памочніца ў быкаўскім музэі. На добраахвотных пачатках. «Два мільёны плоцяць» толькі сыну Міколу, кажа яна.
«Коля мой — і вартаўнік, і наглядчык, і ўсё што хочаш — і траву скосіць на музэйным падворку, і экскурсію сустрэне. І я магу хоць экскурсію правесці, хоць падлогу падмесці! Каб толькі наш музэй не зачынілі! Часы ж цяпер во якія...»
Штогод 19 чэрвеня, калі ў музэй з’яжджаюцца прыхільнікі творчасці Васіля Быкава на ягоныя чарговыя ўгодкі, каля былой школы ладзіцца сяброўская бяседа. Няхітры пачастунак «у палявых умовах», сустрэчы старых знаёмых, музыка, а часам і спевы. А ў хаце можна было схавацца ад спёкі ці ад дажджу, пагаманіць, уцячы ад святочнага тлуму. Гасцінная гаспадыня спадарыня Антаніна заўжды была рада і пісьменнікам, і артыстам, і ўсім, хто прыяжджае ўшанаваць памяць сваяка.
А яшчэ старая школа ў статусе хаты спадарыні Антаніны неаднаразова прымала мастакоў — удзельнікаў «быкаўскіх» пленэраў. Заўсёдная іх арганізатарка Ада Райчонак, нястомная кіраўніцай Шаркоўшчынскага грамадскага Цэнтру імя Язэпа Драздовіча, вывешвала на сцяне сымбаль-банэр, і навокал закіпала творчасць.
«Спадарыня Антаніна запрашала нас у хату, калі быў дождж ці халодна. Старэйшыя мастакі ды там і сяліліся. А цяпер мы хочам аддзячыць за гасціннасць і Быкаву, і Бычкам — сёлета мы перадамо карціны, якія запачаткуюць новую галерэю ў былой школцы. А можа, некалі будзе галерэя і ў Кублічах. Галоўнае, што кожны ўдзельнік пленэраў, які калі-небудзь працаваў у Бычках, робіць такі падарунак — пакідае свой твор для „быкаўскай“ экспазыцыі», — кажа Сьвятлана Баранкоўская, удзельніца пленэраў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі Саюз мастакоў».
Пагаспадарыла я — пагаспадарце і вы!
Цяпер школа ўжо нежылая — спадарыня Антаніна з сынам перасяліліся ў іншую хату — цераз дарогу ад музэя. Навейшую, з вышэйшай столлю, са свежапафарбаванымі ў блакітны ды жоўты колер сценамі, з мацнейшай падлогай. Пра цвікі ў дошках на тым месцы, дзе калісьці стаяў стол першаклясьніка Васіля Быкава, сваячка пісьменьніка распавядае валянцёрам, якія прыехалі ў Бычкі, каб ператварыць былую школу ў грамадска-культурніцкі цэнтр:
«Во гэтыя цвікі. І пакой, дзе школа, заўжды быў цёплы. Во якая добра печка! Тая хата, дзе цяпер жыву, халаднейшая. А гэтая... Я, бывала, падыходжу і шкадую яе. Кажу: «Мая ты хатачка, я пражыла тут 50 гадоў, а цяпер кінула, прабач мяне! Ну, але ж пагаспадарыла я — пагаспадарце і вы!»
Гэтая амбітная ідэя — наконт грамадска-культурніцкага цэнтру ў Бычках — належыць віцебскім актывістам.
«Мы выкупілі старую школу, і хочам зрабіць там цэнтр для правядзення розных імпрэзаў. Каб мастакам было зручней сабрацца на пленэр, або моладзі на нейкія свае справы. Каб было на Віцебшчыне такое месца, куды можна прыехаць для навучання, для адпачынку, для творчасці — і не выпадковае, а з гісторыяй, асвечанае асобай Васіля Быкава», — дзеліцца планамі каардынатар руху «За Свабоду» у Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў.
Сёлета моладзь ужо з'ехалася ў старую школу, але не на адпачынак, а на працу. Рух «За Свабоду» арганізаваў адмысловы валанцёрскі летнік, на аб’яву адгукнуліся некалькі дзесяткаў хлопцаў і дзяўчат. Летнік разлічаны на пяць дзён, каб да 19-га чэрвеня — да ўгодкаў Васіля Быкава, калі ў Бычкі з'едуцца госці, павыносіць з хаты смецце, з падворка — друз, спілаваць галлё, што замінае праходу, скасіць крапіву.
Разам з моладзю працуе Васіль Казьянін, вушацкі актывіст — адзіны валанцёр сталага веку. Але ён ня столькі кіруе, колькі падказвае й дапамагае.
«З раніцы да абеду мы працуем, разбіўшыся на невялікія групы, — апавядае Аліна Нагорная з Мінску. — Дзяўчаты прыбіраюць у хаце, хлопцы пілуюць, косяць. Па абедзе працуем яшчэ трошкі, а потым адпачываем. Валейбол, настольныя гульні „Паўстанцы“,
„Мова“, сустрэчы з цікавымі асобамі — усё гэта ў нас ёсць. Мы і самі рыхтуемся зладзіць майстар-класы для сяброў. Хто што ўмее — таму й вучыць іншых: нехта, прыкладам, жангліруе, нехта фатаграфуе. Учора Зміцер Карэнка вучыў нас здымаць відэа: я рабіць інтэрв'ю з чалавекам, як ён павінны выглядаць у кадры, як задаваць пытанні. Кожны пабыў і відэаапэратарам, і „героем“. Яшчэ прыяжджаў мастак Алесь Пушкін, расказваў пра свае пэрформансы і пра тое, што адбывалася пасля кожнага з іх.
Гэта вельмі цікава, мы ж усе ведаем, якая цяпер сітуацыя ў краіне. Цікава!»
Алесь Пушкін прывёз свае творы для выставы, якую традыцыйна ладзяць мастакі калі сядзібы-музэю ў дзень народзінаў Васіля Быкава. А ўвогуле гэтая сядзіба ўжо колькі год з'яўляецца «цэнтральнай плошчай» у Бычках. Сюды ў любую пару года прыяжджаюць экскурсіі, тут сустракаюцца вяскоўцы- пэнсіянэры, каб пагаманіць пра жыццё.
Радыё Свабода