«Ноч перад дэпартацыяй я правяла з паліцыяй». Прапагандыстку «СТБ» дэпартавалі з Венгрыі

Улады Венгрыі не пусцілі ў краіну прапагандыстку тэлеканала «СТБ» Надзею Сас. Яе спынілі ў аэрапорце, пратрымалі ноч у цэнтры часовага ўтрымання і адправілі назад у Беларусь. Пра гэта прапагандыстка сама расказала ў сваёй перадачы «Сасс уполномочен заявить». Гэта заўважыла выданне «Люстэрка».

Фота: «СТБ»

Фота: «СТБ»

Венгрыю Сас наведвала для таго, каб зняць сюжэт пра амерыканскага фінансіста, заснавальніка фонду «Адкрытае грамадства» Джорджа Сораса, які нарадзіўся ў Будапешце. Аднак прапагандыстку ў краіну не пусцілі.

— Аказалася, што цяперашнія венгерскія ўлады насуперак сваёй афіцыйнай рыторыцы праекта «Сасс уполномочен заявить» баяцца больш, чым самога Сораса, якому ўезд у Венгрыю не закрылі, — абурылася Сас.

На думку прапагандысткі, «венгерскія спецслужбы відавочна не без падказкі заакіянскіх куратараў зрабілі ўсё магчымае, каб сарваць падрыхтоўку» яе праграмы. Сас падкрэсліла, што ёй зладзілі ператрус і «ўсялякія праверкі проста ў аэрапорце Будапешта, у выніку закрыўшы ўезд у Венгрыю і дэпартаваўшы».

— Адзначу, што ноч перад дэпартацыяй я прабавіла ў суправаджэнні венгерскай паліцыі ў аэрапорце. У цэнтры часовага ўтрымання, — паскардзілася Сас.


Глядзіце таксама

Хто такая Надзея Сас

Надзея Сас і яе муж Алег Валошын пераехалі з Украіны ў Беларусь у 2022 годзе, за 11 дзён да ўварвання расійскіх войскаў, пісала раней «Наша Ніва». Цяпер яна вядзе палітычнае шоу «Сасс уполномочен заявить» на канале «СТБ», у якое запрашае беларускіх і расійскіх прапагандыстаў, а яе мужа, дэпутата Вярхоўнай рады Алега Валошына, на радзіме падазраюць у дзяржаўнай здрадзе.

Варта дадаць, што беларуская прапаганда шмат гадоў пазіцыянуе мецэната Джорджа Сораса як стратэга ледзь не ўсіх так званых «каляровых рэвалюцый» на былой савецкай прасторы. Тэорыі змовы, якія пануюць на дзяржаўным тэлебачанні, не абыходзяцца без «замежных куратараў» і «лялькаводаў», якія так мараць прыбраць да сваіх рук постсавецкія краіны і плятуць інтрыгі супраць Расіі. Джордж Сорас, канешне ж, тут у першых шэрагах.

З Беларусі фонд Сораса Лукашэнка выгнаў яшчэ ў 1997 годзе.

Адметна і тое, што так неласкава з прапагандысткай Сас абышліся менавіта венгерскія ўлады. Афіцыйны Будапешт займае найбольш блізкую да пуцінскай Расіі і лукашэнкаўскай Беларусі геапалітычную пазіцыю. На ўзроўні міністэрстваў замежных спраў прадстаўнікі Венгрыі сустракаюцца з беларускімі калегамі. Венгрыя неаднаразова спрабавала блакіраваць санкцыйныя пакеты супраць Расіі. Рэжым у гэтай краіне на чале з прэм'ер-міністрам Віктарам Орбанам мае прыкметы аўтарытарызму.