Нелегальныя мігранты перайшлі беларуска-польскую мяжу і захраслі пасярод ракі. Іх выратавалі памежнікі
У Падляскім ваяводстве польскія памежнікі выратавалі 12 мігрантаў, якія захраслі пасярод ракі Нараў пры незаконным пераходзе польска-беларускай мяжы. Пра гэта паведамляе памежная служба Польшчы.
Рака Нараў з вялікімі разлівамі сілкуе шырокія балоты і тарфянікі. Уцекачы патрапілі ў балоцістую мясцовасць і не змаглі выбрацца самастойна, ім давялося паведаміць пра сваё становішча, патэлефанаваўшы на нумар службы экстранай дапамогі.
У пастцы апынуліся 12 мігрантаў, у тым ліку і дзеці: гадавалы малы і двое падлеткаў 14 і 16 гадоў. Уцекачы аказаліся іракцамі, і толькі адзін з іх — грамадзянін Егіпта.
Дабрацца да мігрантаў удалося толькі на верталёце, аднак ён не змог прызямліцца. Тады да ўцекачоў спусціўся адзін з памежнікаў, які аказаў ім першую медыцынскую дапамогу. Астатнія супрацоўнікі памежнай службы змаглі дабрацца да выспы з мігрантамі, перакінуўшы лесвіцы з берага. Дваім з іх спатрэбілася дапамога лекара, аднаго мігранта давялося несці на насілках.
Нелегальных мігрантаў эвакуявалі на лодках. Дваіх чалавек шпіталізавалі, астатніх даставілі на памежны пост.