«Не толькі парушэнне законаў, але і цяжкі грэх». Хрысціяне Беларусі падпісваюць ліст да дзяржслужбоўцаў
У інтэрнэце з’явіўся адкрыты ліст хрысціян Беларусі. Да поўдня серады, 18 лістапада, яго падпісала ўжо больш за тысячу вернікаў з розных куткоў краіны. У звароце людзі заклікаюць прадстаўнікоў дзяржорганаў спыніць гвалт і аднавіць законнасць.
«Свядомае скажэнне інфармацыі аб выніках галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, ілжывыя сведчанні ў судах, дэзінфармацыя ў СМІ, заведама неправасудныя рашэнні — гэта не толькі парушэнне законаў Рэспублікі Беларусь, але і цяжкі грэх. Не хлусі, не кажы ілжывага сведчання — гэта Божая запаведзь», — адзначаюць аўтары адкрытага звароту, паведамляе TUT.BY.
У лісце яны асуджаюць гвалт. Кажуць, што «маўчаць пра беззаконне ў Беларусі — гэта значыць прычыняць пакуты дзясяткам тысяч чалавек па ўсёй краіне».
«Ужыванне зброі сілавымі структурамі Беларусі, якое прывяло да гібелі мірных грамадзян, катаванні і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў перавялі палітычнае супрацьстаянне ў маральна-этычную плоскасць, — адзначаюць падпісанты. — Падтрымліваць незаконныя дзеянні ўладаў амаральна».
У дакуменце хрысціяне звяртаюцца да прадстаўнікоў дзяржорганаў і просяць «зрабіць усё, што ад вас залежыць», каб:
— спыніць гвалт у дачыненні да грамадзян Беларусі, якія мірна выказваюць сваё меркаванне аб сітуацыі ў краіне;
— аднавіць законнасць. Для гэтага неабходна вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах і прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, якія парушылі законы Рэспублікі Беларусь;
— у самыя кароткія тэрміны правесці новыя выбары, якія б адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам.
«Упэўненыя, што выкананне гэтых патрабаванняў здыме прэтэнзіі грамадзян Беларусі да ўладаў і адновіць грамадскі спакой» — адзначаюць аўтары ліста.