«Не паддавацца паніцы!» Ціханоўская і Кавалеўскі пракаментавалі сітуацыю з пашпартамі

Паводле новага ўказа Лукашэнкі, беларускім эмігрантам нельга будзе атрымаць новы пашпарт альбо абмяняць яго пасля сканчэння тэрміну дзеяння ў абмасадах за мяжой. Гэта ўскладніць жыццё тым, хто з меркаванняў бяспекі не можа вярнуцца на радзіму. Відавочна, што тым самым рэжым помсціць беларусам замежжа, якія з’ехалі з краіны з палітычных прычын. Сітуацыю пракаментавалі лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі.

Фота: europarl.europa.eu

Фота: europarl.europa.eu

— Сёння рэжым Лукашэнкі адмовіў беларусам у консульскай дапамозе, — адзначылаСвятлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале. — Тым самым дзяржава самаўхілілася з яшчэ адной сферы жыцця, дзе павінна клапаціцца аб грамадзянах. Шматлікія важныя паслугі становяцца недаступнымі, напрыклад, нельга будзе памяняць пашпарт у пасольствах і консульствах. А значыць, тыя з вас, хто не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, рызыкуюць застацца без найважнейшага дакумента для легальнага жыцця і працы за мяжой.

Мы праводзім кансультацыі з тымі краінамі, дзе знаходзяцца беларусы, каб вырашаць праблемы беларусаў на заканадаўчым і выканаўчым узроўні. Ужо ў гэтым месяцы мы правядзём кансультацыі з Еўракамісіяй, а таксама я падыму гэтае пытанне перад Еўрапарламентам і падчас Генасамблеі ААН.

Ужо цяпер Польшча і Літва выдаюць праязныя дакументы – так званы пашпарт замежніка – для беларусаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта або скончыліся старонкі, але ёсць дазвол на пастаяннае пражыванне, часовае знаходжанне або іншыя дакументы, якія даюць права легальна знаходзіцца ў краіне. Мы ведаем пра праблемы з легалізацыяй дзяцей беларускіх грамадзян, якія нарадзіліся пасля 2020 года не ў Беларусі, і працуем над іх рашэннем.

Мы рыхтуем да запуску выдачы новых пашпартоў Беларусі і працуем над іх прызнаннем. Гэта працэс няхуткі, і тут нам патрэбна будзе дапамога ўсіх беларусаў, якія жывуць за мяжой. Нам неабходна будзе заручыцца падтрымкай урадаў краін, дзе пражываюць беларусы. Мы спадзяемся, што пашпарт зможа вырашыць шэраг праблем з легалізацыяй.

Дарагія беларусы, я прашу вас не паддавацца паніцы і не здзяйсняць неабдуманых учынкаў. Нават калі ваш пашпарт заканчваецца, не варта вяртацца на радзіму, калі вам пагражае пераслед. Бо ні адзін дакумент у свеце не варты чалавечай свабоды. Галоўнае — паклапаціцеся пра сябе і сваю бяспеку. Бо людзі — гэта галоўная каштоўнасць Беларусі.


Глядзіце таксама

Сітуацыю пракаментаваў і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі:

— Гэта яшчэ адзін рэпрэсіўны механізм з боку рэжыму Лукашэнкі, які робіць праект нацыянальнага пашпарта новай Беларусі яшчэ больш актуальным для ўсіх беларусаў.

Відавочна, што злачынны рэжым адмаўляецца выконваць свае базавыя абавязкі перад грамадзянамі Беларусі, пераўтвараючы звычайныя дзяржаўныя функцыі ў элемент ціску і рэпрэсій. Гэта чарговы крок у пошуку «ворагаў», парушэнне фундаментальных правоў грамадзян і людзей, які яшчэ раз дэманструе ўсім антынародную сутнасць рэжыму ўзурпатара.

У той самы час Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай у сваёй дзейнасці кіруецца рэальнымі патрэбамі беларусаў па ўсім свеце. Крокі антынароднага, незаконнага рэжыму Лукашэнкі пацвярджаюць, што стварэнне нацыянальнага пашпарта — абгрунтаванае і актуальнае дзеянне, крыніца якога не палітычны «хайп», а ўжо сёння жыццёвая неабходнасць дзясяткаў тысяч грамадзян Беларусі, і ў перспектыве — пры такой палітыцы рэжыму — значна большай колькасці грамадзян.

Нацыянальны пашпарт новай Беларусі — гэта не толькі тактычнае вырашэнне праблемы беларусаў замежжа, але стратэгічны праект для ўсіх беларусаў, як за мяжою, так і ўнутры краіны. Такім чынам мы не проста вырашым практычнае пытанне дня сённяшняга, але і замацуем беларускую нацыю як субʼект, мы будзем абʼяднаны праз гэты дакумент, дзе б мы ні знаходзіліся».