«Не да законаў» нават Канстытуцыйнаму суду
Алена Новікава, аўтарка «Народнай волі», звярнула ўвагу на пасланне Канстытуцыйнага суда пра стан законнасці ў Беларусі, якое выйшла месяц таму. Як вы думаеце, што ў ім сказана пра законнасць?
Амаль месяц мінуў з дня, калі Канстытуцыйны суд прыняў штогадовае пасланне пра стан канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2022 годзе. Але акрамя кароткіх інфармацыйных паведамленняў у СМІ не з’явілася ні слова з аналізам яго зместу.
Аналізаваць жа ёсць што.
Як вядома, менавіта ў 2022 годзе расійскія войскі пайшлі з Беларусі на Кіеў, а праз пару дзён у Беларусі была прынята новая рэдакцыя Канстытуцыі, у якой у артыкуле 18 сказана: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са своёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў».
Усе мы добра памятаем, што нават калі такая рэдакцыя набыла моц, расійскія атакі на Украіну з нашай тэрыторыі яшчэ ні адзін дзень не спыняліся. Праз незалежныя сродкі масавай інфармацыі шырокая грамадскасць рубам ставіла пытанне: чаму парушаны Асноўны закон краіны?
Лагічна было б, каб сваё слова сказаў Канстытуцыйны суд. Аналізуючы стан канстытуцыйнай законнасці за мінулы год, ён пра гэта нічога не сказаў. Прамаўчаў, нібы і не было такой сітуацыі, нібы мы ўсе яе саснілі, нібы нам усё гэта здалося.
Наступны прыклад. Не сціхаюць спрэчкі наконт таго, ці адпавядаюць Канстытуцыі прынятыя ў мінулым годзе законы. Напрыклад, аб пазбаўленні беларускага грамадзянства асоб, якія асуджаны завочна па шэрагу крымінальных артыкулаў і знаходзяцца па-за межамі Беларусі. У той жа час Канстытуцыя ўтрымлівае артыкул 10, згодна з якім «ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь альбо права змяніць грамадзянства».
Дык як адно адпавядае другому? Што тлумачыць Канстытуцыйны суд?
Таксама нічога!
Што патлумачыў Канстытуцыйны суд наконт рашэння Саўміна аб павышэнні кошту камунальных паслуг для тых, хто з’ехаў з краіны больш чым на 30 дзён? Бо выглядае, што гэта проста пакаранне для многіх-многіх грамадзян, якія з-за рэпрэсій вымушаны былі ратавацца за мяжой. Яны ж тымі паслугамі ўвогуле не карыстаюцца, дык за што павышаць? Тым больш што, згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі, усе роўныя перад законам і дыскрымінацыя па якой-небудзь прыкмеце не дапускаецца.
Але і па гэтым пытанні нічога не сказаў Канстытуцыйны суд! Больш за тое, у пасланні адзначана, што «ў 2022 годзе ўпаўнаважаныя органы – прэзідэнт, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд, Савет Міністраў — з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны суд не звярталіся».
Толькі ўдумайцеся! У мінулым годзе Канстытуцыйны суд увогуле не рабіў заключэнняў наконт канстытуцыйнасці тых ці іншых законаў і нарматыўных актаў! Да іх, бачыце, ніхто не звяртаўся!!!
Здарылася прававая катастрофа? Не! Наадварот, суддзі сцвярджаюць, што гэта «сведчыць пра дасягнутае на канстытуцыйнай аснове якасное прававое рэгуляванне грамадскіх адносін, належнае ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў, якія ўдзельнічаюць у заканатворчым працэсе, недапушчэнне імі парушэнняў канстытуцыйных прынцыпаў і норм».
Дык а пра што ж пасланне, калі адказаў на самыя хвалюючыя пытанні ў ім няма?
Яно — пра новую рэдакцыю Канстытуцыі, пра тое, якія рашэнні выносіў суд у мінулыя гады, пра прававую культуру, пра выхаванне грамадзян ў духу канстытуцыйных ідэалаў, пра канстытуцыйную правасвядомасць… Збольшага — пра пажаданні, пра тое, якім у краіне павінен быць канстытуцыйны правапарадак. На 26 старонках — правільныя, але збольшага агульныя словы. З паслання нават пра самае простае немагчыма даведацца: як жа ацэньвае галоўны суд Беларусі стан канстытуцыйнай законнасці ў мінулым годзе — як здавальняючы, як выдатны, як нездавальняючы?..
У пасланні шмат слоў, але адказаў няма.