Чаго не хапала першай беларускай Канстытуцыі? Паглядзелі на суседзяў
15 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет Беларусі прыняў першую Канстытуцыю нашай дзяржавы. Пад ёй стаяў подпіс тагачаснага кіраўніка краіны — Мечыслава Грыба. Шмат у чым прагрэсіўны дакумэнт, на жаль, ня здолеў абараніць радзіму ад дыктатуры.
Паглядзелі, што было запісана ў Асноўным законе нашых суседзяў, у якіх атрымалася прайсьці шлях ад сацыялістычнага прыдатку да заможнай дзяржавы.
Пачнём з прэамбулы
Гэта тыя словы, якія папярэднічаюць разьдзелам і артыкулам у Канстытуцыі. Звычайна там узьнёсла апісваюцца ранейшыя дасягненьні і ў агульных рысах абмалёўваецца шлях, па якім мусіць рухацца дзяржава.
У Беларусі гэты тэкст быў даволі сьціплы і сухаваты, паглядзіце:
А зараз давайце параўнаем з тым, што напісана ў польскіх суседзяў:
Нашыя суседзі па Вялікім Княстве вырашылі даць наступны запіс:
Згадзіцеся, стваральнікі нашай Канстытуцыі 1994 году нібы прачыталі падобныя фармулёўкі палякаў і літоўцаў і вырашылі не фанабэрыцца. А дарма.
Вядома, пра падмурак сучаснай Літвы «на Літоўскіх Статутах» можна паспрачацца (ніводнага дакумэнта ў канцылярыі вялікага князя цалкам на літоўскай мове ніколі не было напісана за стагодзьдзі існаваньня ВКЛ), але гэта ўжо тэма для іншага артыкулу.
Канстытуцыя Літвы. Фота: Olga Posaškova, Office of the Seimas
Паглядзім на асноўны тэкст
Усьведамляючы, у якім сьвеце і побач зь кім знаходзіцца Летува, нашыя суседзі адзначаюць у артыкуле №3:
Пра мову
Якім чынам было акрэсьленае моўнае пытаньне?
У Летуве артыкул №14: Дзяржаўнай мовай зьяўляецца літоўская мова.
У Эстоніі артыкул №6: Дзяржаўнай мовай Эстоніі зьяўляецца эстонская мова.
У Латвіі артыкул №4: Дзяржаўнай мовай у Латвійскай Рэспубліцы зьяўляецца латышская мова.
У той час як у нашай Канстытуцыі 1994 году артыкул №17 быў не такі адназначны:
Гэта, вядома, не дзьве дзяржаўныя мовы, як было зроблена лукашэнкаўцамі пазьней, але і не так канкрэтна, як у суседзяў. Таксама можна зьвярнуць увагу і на нумары, прысьвечаныя дзяржаўнай мове ў розных краінах. Прыярытэт паказальны.
Пра сымбалі
У нашым артыкуле №19 бачым: Сымбалямі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы зьяўляюцца яе Дзяржаўны сьцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.
Глянем на Летуву, артыкулы №15 і 16:
Колерамі Дзяржаўнага сьцягу зьяўляюцца жоўты, зялёны, чырвоны. Дзяржаўным гербам зьяўляецца белы Віціс на чырвоным тле. Дзяржаўным гімнам зьяўляецца «Нацыянальная песьня» Вінцаса Кудзіркі.
Латвія — артыкул №4: Сьцяг Латвіі — чырвоны зь белай паласой.
Польшча — артыкул №28: Гербам Рэспублікі Польшча зьяўляецца выява белага арла ў кароне на чырвоным полі. Колерамі сьцяга Рэспублікі Польшча зьяўляюцца белы і чырвоны колеры. Гімнам Рэспублікі Польшча зьяўляецца «Мазурка Дамброўскага».
Мы адразу можам уявіць сымбалі краінаў-суседак, а ў нас заяўленыя «сьцяг, герб, гімн».
Пра камунізм
Польшча ў артыкуле №13 пазначае:
Забараняецца існаваньне палітычных партыяў і іншых арганізацыяў, якія зьвяртаюцца ў сваіх праграмах да таталітарных мэтадаў і практыкі дзейнасьці нацызму, фашызму і камунізму.
Тое, чаго дакладна не хапіла першай беларускай Канстытуцыі 1994 году
Артыкулы №41, 43 у Польшчы:
Кожны незаконна пазбаўлены свабоды мае права на кампэнсацыю шкоды. Да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці тэрміны даўніны не выкарыстоўваюцца.
Гэтыя выразы
неабходна тлустым вылучыць у нашай наступнай Канстытуцыі.
А таксама залатыя словы, якімі сканчваецца літоўскі Асноўны закон, што выразна фармулююць тое, якой краінай павінна быць Летува. Адзначым, што яна такой і стала:
Вярхоўны Савет Літоўскай Рэспублікі на падставе актаў ад 16 лютага 1918 году і 11 сакавіка 1990 году аб аднаўленьні незалежнай Літоўскай дзяржавы і выяўленай 9 лютага 1991 году волі ўсяго народу і адзначаючы намаганьні ў любым выглядзе захаваць былы Саюз ССР з усімі яго заваёвамі, а таксама намэры ўцягнуць Літву ў абаронныя, эканамічныя, фінансавыя і іншыя «прасторы» постсавецкага Усходняга блёку, пастанаўляе:
1. Разьвіваць узаемавыгадныя сувязі з кожнай дзяржавай, якая раней знаходзілася ў складзе СССР, аднак ніколі і ні пад якім выглядам не далучацца да любых ізноў створаных на аснове былога СССР палітычных, ваенных, эканамічных ці іншых саюзаў альбо садружнасьцяў дзяржаваў.
2. Дзейнасьць, мэтай якой зьяўляецца ўцягваньне Літоўскай дзяржавы ў пазначаныя ў артыкуле першым гэтага Канстытуцыйнага акту саюзы або садружнасьці дзяржаваў, лічыцца варожай у дачыненьні да незалежнасьці Летувы, і адказнасьць за яе ўсталёўваецца ў адпаведнасьці з законамі.
3. На тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі ня можа быць ніякіх вайсковых базаў і вайсковых частак Расеі, Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў або дзяржаваў, якія ў яе ўваходзяць.
Скажыце, ці жадалі б вы мець такі запіс у Новай беларускай Канстытуцыі?