Нашчадкі рэпрэсаваных запатрабуюць назваць імёны забойцаў сваіх родных
У Мінску прайшоў навукова-практычны семінар па праблеме мемарыялізацыі Курапатаў і ўшанавання памяці рэпрэсаваных.
«Дакладных лічбаў забітых мы ўжо ніколі не даведаемся»
Семінар, у якім узялі ўдзел гісторыкі і грамадскія актывісты, быў прысвечаны праблеме ўсталявання імёнаў і лічбаў забітых у Курапатах. Нагодай для яго сталі апошнія заявы дэпутата Ігара Марзалюка аб тым, што ў Курапатах расстраляна не больш як 7 000 чалавек, а ва ўсёй Беларусі — 30 000.
Аднак даследчыкі Курапатаў зазначаюць, што ўстанавіць дакладную лічбу забітых ужо ніколі не атрымаецца. Археолаг Мікола Крывальцэвіч, які ўдзельнічаў у эксгумацыі шасці курапацкіх магіл у 1988 годзе, адзначае, што падлікі вяліся, сыходзячы з колькасці знойдзеных у пахаваннях парэшткаў. Колькасць людзей, знойдзеных у магіле, множылася на колькасць ям — іх у Курапатах каля 600, да гэтага дадавалася колькасць заняпадзін, якія маглі быць знішчаныя.
«Трэба ўлічваць, што і тады не ўсе даследаваныя намі ямы былі пахаваннямі, бо ў лесе праводзілася шмат работ па ачыстцы, вайсковыя вучэнні і інш. Усё гэта вяло да пашкоджвання паверхні», — тлумачыць Мікола Крывальцэвіч.
Па словах археолага, найбольш рэальная лічба расстраляных у Курапатах — некалькі дзясяткаў тысяч. Больш высокую колькасць можна будзе абгрунтаваць толькі пасля поўнай эксгумацыі. Аднак і тады ўдасца ўстанавіць толькі прыблізную колькасць забітых. Бо некаторыя магілы могуць быць разрабаванымі, а многія былі разбураныя падчас пракладання камунікацый. Дакладных лічбаў мы ўжо ніколі не даведаемся.
«Калі Марзалюк агучвае нейкія лічбы ў інтэрв’ю — гэта не навуковы твор, бо павінны быць спасылкі на крыніцы, адкуль браліся гэтыя звесткі, і аргументацыя», — зазначае навуковец.
Мемарыялізацыя па-лукашэнкаўску
Грамадская актывістка Ганна Шапуцька мяркуе, што ў Курапатах усё ідзе да таго, каб перанесці ахоўную мяжу мемарыяла да Галгофы.
«Мяняецца выгляд мемарыяла, прыбралі крыжовы перыметр, паставілі плот. Прыкрываючыся працай па добраўпарадкаванні ў Курапатах адбываецца мемарыялізацыя па-лукашэнкаўску».
Аднак намеснік старшыні Таварыства аховы помнікаў Юрый Меляшкевіч перакананы, што мемарыялізацыя ва ўрочышчы адбываецца ў адпаведнасці з палажэннем Міністэрства культуры.
«Такім чынам можна казаць, што і расстрэлы былі законныя», — заўважае на гэта Мікола Крывальцэвіч.
Па словах Юрыя Меляшкевіча, Таварыства аховы помнікаў адступіла ад эмацыйнага і палітычнага складніка ў пытанні Курапатаў.
«Гэты патэнцыял для беларускага грамадства вычарпаны. Ёсць юрыдычна аформленыя тэрыторыі, якімі распараджаюцца ўласнікі — дзяржаўныя ці прыватныя. Курапаты — не тая кропка, з якой пачалася беларуская гісторыя, яна пачалася раней, хоць гэта значная вяха. Там павінен адбывацца вельмі шчыльны асветніцкі працэс», — мяркуе ён.
Культуролаг Вацлаў Арэшка, наадварот, перакананы, што Курапаты — гэта знакавае месца, бо яно палягае ля вытокаў нашага адраджэння. І спроба ўтылізацыі Курапатаў — гэта наступ на ўсю беларускую дэмакратычную грамадскасць. Ён мяркуе, што ёсць тры варыянты дзеянняў у сітуацыі, якая склалася.
«Першы варыянт — заплюшчыць вочы, плюнуць і сыйсці з поля бітвы. Другі варыянт — шлях калабарацыі і прызнання, што Курапаты не належаць беларускаму грамадству, а належаць уладзе. Трэці — шлях прынцыповага вырашэння пытання, ён накіраваны на пэўную канфрантацыю і ціск на ўладу. Трэба выбраць, якім шляхам мы пойдзем».
Няма дакументаў — ёсць паўнамоцтвы для расследавання
Часта пры запытах спраў рэпрэсаваных органы КДБ і МУС адказваюць, што не маюць у сваіх архівах адпаведных дакументаў. Аднак у іх ёсць справы на ўсіх штатных супрацоўнікаў НКУС. Значыць, цалкам магчыма даведацца імёны катаў.
Больш за тое, ніхто не адмяняў дзеянне пастановы Вярхоўнага Савета БССР ад 6 чэрвеня 1991 года «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 1920 – 50-х гадоў у Беларускай ССР». Згодна з ёй, заявы сваякоў рэпрэсаваных і зацікаўленых арганізацый у выпадках адсутнасці ў праваахоўных органах і архівах дакументаў аб рэпрэсіях разглядаюцца на падставе паказанняў сведак і выяўлення неабходных дакументаў у месцах выканання прысудаў.
«Нават калі пагадзіцца, што ў КДБ ніякіх дакументаў няма, то ёсць ФСБ, апытанне сведак і пошук месцаў пахаванняў аператыўным шляхам», — рэзюмуе гісторык, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў.
Ён прапануе сваякам і ўсім зацікаўленным патрабаваць, каб органы дзяржбяспекі апытвалі сведак, рабілі запыты ў ФСБ і арыентавана выяўлялі месцы пахаванняў. Бо, урэшце рэшт, гэта іх праца.
Падобны прэцэдэнт нядаўна адбыўся ў Екацярынбургу, дзе жанчына падала заяву ў Следчы камітэт, каб даведацца, хто забіў яе дзеда.
Падрыхтоўкай такіх запытаў у Беларусі зоймецца працоўная група пад кіраўніцтвам нашчадка расстраляных у Оршы Ігара Станкевіча, у яе могуць увайсці ўсе ахвотныя.
Ігар Станкевіч мае досвед ушанавання памяці забітых у Кабыляках пад Оршай. Ён дапамагае сваякам рэпрэсаваных звяртацца ў розныя органы і шукаць інфармацыю пра іх продкаў. Актывіст звяртае ўвагу, што ў Мінску мала хто працуе з нашчадкамі рэпрэсаваных.
«Пакуль нам даюць адказы, але калі не будуць даваць — пойдзем у суд. Давайце скарыстаемся магчымасцю і запатрабуем узбуджаць крымінальныя справы па забойствах», — кажа ён.
Таксама Ігар Станкевіч прапанаваў стварыць інтэрактыўную карту месцаў масавых расстрэлаў у Беларусі. Пакуль такая карта ёсць толькі па Віцебску.
Апроч таго гісторыкі плануюць выступіць з заявай, каб даследчыкам далі доступ да справы па расследаванні злачынстваў у Курапатах, паколькі той жа Ігар Марзалюк нядаўна паведаміў, што яна ўжо гатовая да рассакрэчвання.