На волю адпусцілі актывістку Марыю Вайтовіч

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Марыя Вайтовіч з сям'ёй

Марыя Вайтовіч з сям'ёй

У мінулы чацвер па папярэднім падазрэнні ў «акце тэрарызму» затрымалі грамадскую актывістку з Бараўлянаў Марыю Вайтовіч.
На наступны дзень мужу Івану Вайтовічу паведамілі, што яго жонка затрыманая на 10 сутак.
У пачатку чэрвеня Марыя ўдзельнічала ў сустрэчы жыхароў сельсавета з Наталляй Качанавай, на якой атрымала ад яе пахвалу за неабыякавасць.
Муж Марыі распавядаў «Нашай Ніве» пра яе затрыманне.
«Я заўважыў амапаўцаў ля дома, забрахаў сабака — тыя пачалі скакаць праз плот, нехта ужо падбег да дзвярэй, — казаў Іван Вайтовіч. — На ўваходзе ў нас празрыстыя дзверы са слабым замком.
Я кажу: “Пачакайце, адчыню”, — але ўжо было чуваць хруст замка і стала зразумела, што да нас прыйшлі не проста пагаварыць. Мяне паклалі на зямлю тварам уніз, але з Машуляй, напэўна, паводзілі сябе карэктна, размаўлялі ветліва.
Дома правялі вобшук. Згарнулі ў мяхі тое, што знайшлі з БЧБ, а яно ў нас было заўсёды, бо мы любім сваю краіну і народ — у нас нават плітка на кухні ў нацыянальным стылі».
Супрацоўнікі, якія прыйшлі да Вайтовічаў, назваліся прадстаўнікамі КДБ.
Сказалі, што адвязуць яе на размову. Але на наступны дзень патэлефанавалі і паведамілі, што жонка — падазраваная паводле 289 артыкула Крымінальнага кодэкса (“Тэрарызм”).
У галаве цяжка ўкладваецца, як яе можна абвінаваціць у тэрарызме. У Машулі пазіцыя такая: як грамадскі актывіст яна стараецца зрабіць жыццё мясцовых жыхароў лепшым. Калі гэта можна кваліфікаваць як тэрарызм, напэўна, нешта не так у людзей у галовах. Я абураны тым, што арыштавалі чалавека, проста неабыякавага да месца, дзе яна жыве. Нават Наталля Качанава на той сустрэчы сказала, што на такіх людзей, як мая жонка, трэба арыентавацца».