На дзяржТБ распавялі аб пяці тамах доказаў злачынстваў Польшчы супраць мігрантаў
Генпракуратура Беларусі накіравала ў Савет міністраў і Палату прадстаўнікоў копіі матэрыялаў крымінальнай справы аб злачынствах польскага боку ў дачыненні да мігрантаў. Яна просіць арганізаваць іх перадачу міжнародным і еўрапейскім структурам, у тым ліку Еўрапарламенту, для дачы прававой ацэнкі выкладзеным у іх падзеям. Матэрыялы справы займаюць пяць тамоў і выкладзены на рускай і англійскай мовах.
Пра гэта ў эфіры АНТ паведаміў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў. Паводле яго слоў, польскія ўлады неаднаразова ажыццяўлялі незаконную дэпартацыю мігрантаў і працягваюць гэта рабіць, прымянялі катаванні і жорсткае абыходжанне.
«Сілавы блок гэтай дзяржавы рэалізаваў відавочна неадпаведнае арганізацыйнае і тэхнічнае мерапрыемства. Ваянізаваныя ўзброеныя патрулі, ачапленне, пагрозлівыя палёты авіятэхнікі, танкі, іншае цяжкае ўзбраенне. У дачыненні, па сутнасці, безабаронных людзей прымяняліся, у тым ліку ноччу, дэманстратыўныя стрэлы ў паветра, выбухі, асляпляльнае асвятленне, спецыяльныя сродкі», — заявіў ён.
Вядучы Ігар Тур расказаў пра змесціва тамоў. Паводле яго слоў, у першым прадстаўлены дакументы ААН і АБСЕ, даведка аб узбуджаных крымінальных справах у Беларусі ў адносінах да польскіх вышэйшых службовых асоб. У прыватнасці, згадваюцца прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі, віцэ-прэм'ер Яраслаў Качыньскі.
У другім, трэцім і чацвёртым тамах, па сцвярджэнні Тура, — пратаколы допытаў і апытанняў мігрантаў з іх гісторыямі, вынікі экспертызы газу.
«Пяты том самы жорсткі. Там у асноўным — трупы. Удавацца ў дэталі не буду, гэта жорстка. Схематычна — месца выяўлення, прычына смерці, сляды валачэння па зямлі з боку Польшчы», — заявіў ён.
Паводле яго звестак, копіі пяцітомніка адправяць у Еўропу «па ўсіх каналах адначасова — па парламенцкіх, па лініі МЗС і гэтак далей».
Нагадаем, пасля лістападаўскага абвастрэння сітуацыі ў пункце пропуску «Брузгі» СК узбудзіў крымінальную справу па арт. 128 КК («Злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Масавыя акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з расавай і этнічнай прыналежнасцю»). Акрамя таго, Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле «Прапаганда вайны» (арт. 123 КК) у дачыненні да вышэйшых службовых асоб Польшчы.
reform.by