Amnesty International: беларускія сілавікі збівалі мігрантаў дубінкамі і пагражалі адпусціць сабак
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала вытрымкі з даследавання пра жорсткае абыходжанне з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. Парушэнні тычацца як беларускіх сілавікоў, так і польскіх.
Amnesty International апытала агулам 75 чалавек, якіх завабілі ў Беларусь у перыяд з ліпеня па лістапад 2021 года з-за ілжывага абяцання бесперашкоднага перасячэння мяжы ў ЕС. Пасля яны сутыкнуліся з супрацівам з боку краін ЕС, уключаючы Польшчу. Сярод апытаных былі 66 грамадзян Ірака, сем сірыйцаў, якія прыехалі з Егіпта, Лівана і Сірыі, адзін ліванец і адзін суданец. Паколькі некаторыя з апытаных падарожнічалі з сям'ёй і сябрамі, агулам расказана пра 192 пацярпелых.
Усе апытаныя Amnesty International мігранты сцвярджаюць, што да мяжы з Польшчай іх увесь час суправаджалі беларускія сілавікі, а пасля прымушалі яе нелегальна пераходзіць. "Было каля дзесяці [беларускіх] вайскоўцаў і з імі было чатыры сабакі, — цытуецца адно са сведчанняў. — Яны сказалі, што адпусцяць [на нас] сабак, калі мы не будзем хутка бегчы... Вайскоўцы рухаліся за намі, збіваючы дубінкамі ўсіх, хто не ішоў досыць хутка".
У дакладзе ёсць сведчанні, што мігранты, якія спрабавалі вярнуцца з памежнай зоны назад, сутыкаліся з вымагальніцтвам хабару з боку беларускіх сілавікоў, у іх маглі забраць тэлефоны і грошы.
У Amnesty International адзначаюць, што Польшча, ведаючы пра жорсткае абыходжанне з мігрантамі ў Беларусі, усё ж адпраўляла назад затрыманых за незаконны пераход мяжы. У той жа час у дакладзе няма нават згадак пра "забойствы" на польскім баку мяжы мігрантаў, пра што заяўляе беларуская дзяржаўная прапаганда, у тым ліку і са спасылкай на польскага дэзерціра.
Тым часам улады Беларусі збіраюцца перадаць міжнародным структурам матэрыялы крымінальнай справы "аб злачынствах польскіх сілавікоў у адносінах да ўцекачоў". Як паведаміла дзяржаўнае тэлебачанне, матэрыялаў назбіралася на 5 тамоў.