Мужа пазбавілі віда на жыхарства, жонка — пад «крыміналкай». Як жыве сям’я Петуновых са Смаргоні

Смаргонь — адзін з нямногіх невялікіх гарадоў Беларусі, дзе мясцовыя жыхары дагэтуль выходзяць на шпацыр у цэнтр кожны дзень. Сярод тых, хто трывае пераслед з боку міліцыі, але не здаецца, — Ілля і Вольга Петуновы.

sjam_ja_petunovyh__1__logo.jpg

Пасля выбараў мясцовых прадпрымальнікаў Вольгу і Іллю Петуновых неаднаразова судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Мы гутарылі з сям’ёй у кастрычніку, калі Вольга стала падазраванай па арт. 188 Крымінальнага кодэкса («Паклёп»). Дваіх мясцовых жыхароў, Руслана Валюка і Ірыну Маркаву, 18 лютага асудзілі па гэтым артыкуле: за нібыта распаўсюд улётак з інфармацыяй, якая абражае супрацоўнікаў сілавых структур, Руслану прысудзілі два гады «хіміі», а Ірыне — два гады «хатняй хіміі». А з Вольгі Петуновай абвінавачанні знялі. Але на гэтым пераслед яе і мужа не скончыўся.


Жыццё сям’і пасля выбараў

Ілля — расіянін, але доўгі час жыве ў Смаргоні, мае тут свой бізнес. Некалькі месяцаў таму яго пазбавілі пасведчання на жыхарства ў Беларусі. Ён мяркуе, што гэта было зроблена менавіта за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю. Любы адміністрацыйны пратакол можа наблізіць магчымую яго дэпартацыю з краіны.
Старэйшы сын сям’і Ваня мае разумовую адсталасць. Пасля таго, як да Петуновых прыходзілі супрацоўнікі міліцыі з ператрусам па справе аб «паклёпе» ў верасні, у хлопца забралі тэлефон з камп'ютарам. У выніку ў яго здарыўся прыступ эпілепсіі, стан пагоршыўся. Вольгу тады пасадзілі на «суткі», таму яна не мела магчымасці супакоіць сына. Пасля розгаласу тэлефон усё ж вярнулі, аднак стан Вані поўнасцю не аднавіўся. Для таго, каб сям’я магла адпачыць, Вольга ўзяла дазвол у Следчым камітэце на паездку ў Турцыю. Аднак па вяртанні ў Беларусь Вольгу затрымалі ў аэрапорце.
— Яны шукалі ў мяне грошы, якія я быццам везла для фінансавання пратэстаў, — іранічна кажа Вольга. — Калі ўся мая сям’я прайшла пашпартны кантроль, а мяне на ім затрымалі, у мяне пачалася істэрыка. Усе паўтары гадзіны я крычала на ўвесь аэрапорт і плакала. Памежнікі і мытніцы спужаліся, супакойвалі мяне, казалі, што так трэба, хутка адпусцяць. Праўда, праз паўтары гадзіны мяне сапраўды адпусцілі.

За скамканы дакумент — крымінальная справа

Камп'ютар Вані вярнулі толькі праз чатыры месяцы пасля вобшуку ў верасні. Ён узрадаваўся, стаў праводзіць за ім гадзіны. Аднак атрымліваць асалоду ад прагляду мультфільмаў атрымалася нядоўга. Літаральна праз тыдзень, 27 студзеня, да сям’і прыйшлі з новым ператрусам.
— У той дзень я была на працы, а пасля паехала да сяброўкі на дзень народзінаў, — узгадвае Вольга. — Аднак, як толькі я прыехала да яе, мне патэлефанаваў Ілля і сказаў, што да нас дадому прыйшла міліцыя з пастановай на вобшук. Я выклікала таксі, і мы разам з сяброўкай рушылі дадому. У дарозе я злавалася, бо думала, што да мяне прыйшлі зноўку па крымінальнай справе па ўлётках. Я прыехала, папрасіла ўсіх супрацоўнікаў міліцыі прадставіцца. Яны, у сваю чаргу, далі мне прачытаць пастанову на вобшук. І тады я з жахам пабачыла, што на мяне распачатая новая крымінальная справа!
У пастанове было напісана, што Вольга з’яўляецца падазраванай у размяшчэнні інфармацыі ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі»: 14 верасня туды былі скінуты звесткі пра супрацоўнікаў сілавых структур Смаргоні. Гэтыя ж звесткі былі надрукаваны на ўлётках, за распаўсюд якіх асудзілі два чалавекі. «Пры ўсёй маёй актыўнай дзейнасці, я не ведала, што існуе такі тэлеграм-канал як "Карнікі Беларусі", я думала, што такую назву носіць нейкая база звестак». У той дзень вобшукі былі і ў іншых актывістаў горада. Усе людзі, у якіх праходзілі ператрусы, з’яўляюцца падазраванымі па розных крымінальных справах.
Калі Вольга прачытала пастанову, у яе зноў пачалася істэрыка, падобная да той, якая здарылася ў аэрапорце.  «Яны сказалі, што калі я не дазволю ім здзейсніць вобшук, то мяне затрымаюць. І вось гэтае слова "затрымаюць" нарадзіла ў мяне нейкі выбух. У істэрыцы я кінула пастанову на зямлю, наступіла на яе абцасам і пайшла ў дом, крыкнуўшы пры гэтым "Заходзьце!". Я была ўпэўненая, што экземпляр пастановы, які мне далі прачытаць, — мой. Але аказалася, што пастанова была ў адзіным экземпляры».

paszkodzanaja_pastanova__1__logo.jpg


Падчас вобшуку ў Вані зноўку забралі камп’ютар. Прытым, Вольга кажа, што гэты стары сістэмны блок цяжка назваць камп’ютарам: там праз браўзер магчыма толькі глядзець мультфільмы. Праўда, тэлефон у Вані ўжо не забіралі: нібыта на гэта быў адмысловы загад. Аднак сам факт ператрусу зноўку пагоршыў стан хлопца, у яго здарыўся цяжкі прыступ эпілепсіі: «Пасля вобшуку ён усё ноч прасядзеў на лесвіцы і паўтараў: "Чаму дзядзі адабралі мой камп’ютар?"».
Аднак толькі вобшукам для сям’і той вечар не скончыўся. Супрацоўнікі міліцыі адразу ж выклікалі калег са Следчага камітэта па той прычыне, што Вольга пашкодзіла пастанову на ператрус.
— Яны рулеткай вымяралі тое месца, дзе ляжаў гэты дакумент, фатаграфавалі, — узгадвае Вольга. — Пасля ўжо мяне выклікалі ў СК, сказалі што на мяне заведзена крымінальная справа па артыкуле 377 Крымінальнага кодэкса — «Пашкоджанне афіцыйных дакументаў». Мне інкрымінуюць тое, што я знішчыла дакумент мэтанакіравана. Але ж я яго не знішчыла! У мяне проста здарылася істэрыка! Я разумею, што гэта афіцыйны дакумент, але, па сутнасці, гэта аркуш паперы.
Артыкул 377 Крымінальнага кодэкса за пашкоджанне афіцыйных дакументаў з карысных або іншых асабістых матываў прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да двух гадоў. Вольгу ўжо вазілі ў Маладзечна на судова-псіхіятрычную экспертызу, яе вынікаў жанчына пакуль не ведае: «Які б ні быў моцны чалавек, але, калі здараюцца такія стрэсавыя сітуацыі, любы можа сарвацца, асабліва калі дома дзіця з інваліднасцю. Я казала, што гатовая заплаціць штраф, але адчуваю, што гэтым усё не скончыцца. Нашу тэхніку, якую міліцыя зноўку забрала, адправілі ў Гродна на экспертызу. Канешне, ніякіх доказаў таго, што я давала інфармацыю ў тэлеграм-чат, яны там не знойдуць. Я думаю, што гэтую справу таксама закрыюць, як і папярэднюю. А вось, што будзе па апошняй заведзенай — пакуль невядома».

Панёс скаргу — трапіў на суткі

Пасля абвяшчэння прысуду Руслану Валюку і Ірыне Маркавай 18 лютага нехта ў фае суда выгукнуў «Жыве Беларусь!». Пачалася мітусня. Людзей, якія там былі, старшыня Смаргонскага суда Людміла Пятрова наўпрост не выпускала з будынка. Той, хто не паспеў вылезці праз акно, быў завезены ў РАУС. Ілля трапіў у лік апошніх. Яго ў хуткім часе адпусцілі, але перад гэтым забралі мабільны тэлефон, ужо другі. З гэтай прычыны Ілля на наступны дзень звярнуўся ў РАУС са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі з патрабаваннем вярнуць яму апарат ці, прынамсі, сім-картку.
Аднак замест рэгістрацыі скаргі ў канцылярыі Іллю змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны. За што канкрэтна — мужчыну не патлумачылі. Разам з ім у ізалятар трапілі яшчэ трое чалавек. Усе яны былі напярэдадні на пасяджэнні суда. Ілля кажа, што на той момант яго не было ў фае: ён выйшаў з залі раней за астатніх, адчуў сябе кепска і прысеў на лаўку ў калідоры. Адтуль і пачуў шум.
— Мяне пасадзілі ў вялікую камеру, дзе таксама былі яшчэ сем асоб маргінальнага выгляду, — узгадвае Ілля ўмовы ў ІЧУ. — Самае цяжкае выпрабаванне для мяне заключалася ў тым, што гэтыя сем чалавек усе палілі так, што ў мяне слёзы ліліся з вачэй.
Перад тым, як зайсці ў ізалятар, Ілля надзяваў маску і выпадкова разбіў акуляры, без якіх фактычна нічога не бачыць. Калі на трэці дзень яму прынеслі пратакол для азнаямлення, то ён хіба мог прачытаць толькі само слова «пратакол». Прытым Ілля прасіў паведаміць жонцы, каб яна перадала яму акуляры. Аднак Вользе ніхто нічога пра гэта так і не сказаў.
— На трэці дзень у камеру зайшоў супрацоўнік міліцыі і сказаў: «Збірайся на суд!» Я не зразумеў, шчыра кажучы, на які суд. Нас чацвярых вывелі, пасадзілі ў аўтазак і правезлі 50 метраў — гэта адлегласць паміж ІЧУ і будынкам суда.
Ілля распавядае, што пад канвоем чацвярых адвезлі ў залу суда, хоць і была ўжо 17 гадзіна вечара.
— І тут адчыняюцца дзверы — і ўваходзяць жонка і іншыя знаёмыя, журналісты. Падумаў: «Ну, добра, хоць яны будуць сведкамі гэтага беззаконня».
Аднак суд адклалі, Іллю адпусцілі. Сужэнцы мяркуюць, што Іллю вырашылі затрымаць на 72 гадзіны праз тое, што ён быў на пасяджэнні суда 18 лютага. Дагэтуль працягваюцца затрыманні тых людзей, якія прысутнічалі на ім. Супрацоўнікі міліцыі вылічваюць іх па запісе з відэакамеры, што была размешчана ў залі, дзе адбываўся працэс. Па факце выкрыквання лозунга «Жыве Беларусь!» следчыя завялі крымінальную справу. Зараз, паводле слоў Вольгі, на допыты выклікаюць усіх, хто прысутнічаў на судовым пасяджэнні. Мясцовы актывіст, рэдактар «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан, якога ўжо дапытваюць у межах распачатай крымінальнай справы, распавёў, што з Гродна нават прывезлі дэтэктар хлусні. Прайсці яго нібыта прапаноўваюць усім падазраваным. Хтосьці пагаджаецца, а хтосьці — не.

Сабака без намордніка, але з чырвоным бантам

Пераслед у сям’і трываюць не толькі Ілля з Вольгай, але… і іх сабака, белы васьмігадовы самаед. Вольга часта гуляе з ім па горадзе, апошнім часам — павязаўшы на яго чырвоны бант. Падчас такога шпацыру яна зайшла ў краму, перадаўшы сабаку Іллі. Супрацоўнікі, якія, паводле слоў сям’і, сочаць за імі ў горадзе, знялі гэты момант на камеру з машыны, а пасля на падставе відэазапісу склалі на Іллю пратакол: маўляў, выгульвае сабаку без намордніка, хоць па дакументах сабака належыць Вользе.
— Я вельмі прасіла складаць пратакол на мяне, бо заведзеная на Іллю любая адміністрацыйная справа ўплывае на статус замежнага грамадзяніна, — тлумачыць Вольга. — Я з гэтым сабакам была на ўсіх дзіцячых святах і гарадскіх мерапрыемствах. Як толькі мы недзе з’яўляліся, дык з ім адразу фатаграфаваліся, дзеці гулялі. За восем гадоў ніколі ніхто нам не сказаў пра наморднік.

sabaka_petunovyh__1__logo.jpg

Міліцыя перадала справу ў суд, аднак суд разглядаць яе адмовіўся. У выніку справу разглядала адміністрацыйная камісія пры выканкаме, дзе міліцыянеры выступалі ў якасці сведкаў. Ілля па справе знаходжання сабакі без намордніка, але з павязаным чырвоным бантам атрымаў папярэджанне.

Працягваць жыць і змагацца

Нягледзячы на ціск, які аказваецца на мясцовых жыхароў, яны ўсё адно штодзень выходзяць на шпацыр у цэнтр горада. Каб падзяліцца навінамі, падтрымаць адно аднаго. Калі апошнімі тыднямі актывістаў сталі саджаць на суткі, людзей стала выходзіць больш.
— З 27 студзеня, калі ў нас быў вобшук, і да арышту Іллі я знаходзілася ў прыгнечаным стане, у горад не выходзіла, — дзеліцца Вольга. — Але калі ў пятніцу Ілля пайшоў у РУУС і не вярнуўся, гэта мяне ўзбадзёрыла.
— Што зараз плануеце рабіць? — пытаю ў сям’і.
Будзем жыць, будзем змагацца, — кажуць Ілля і Вольга ў адзін голас.
— Ёсць верагоднасць, што Іллю дэпартуюць, — працягвае Вольга. — Тады будзем думаць, што рабіць. Ды і надзеі, што нешта ўлагодзіцца з маёй крымінальнай справай, амаль няма. Ад гэтага і сумна.
Фота з сямейнага архіва герояў