МУС пашырыў спіс «экстрэмістаў» — прызнаў адразу 625 чалавек. Сярод іх — галоўрэд НЧ Аксана Колб
МУС 28 кастрычніка пашырыў спіс «экстрэмістаў» адразу амаль на 40%. Цяпер у ім амаль 1500 прозвішчаў. Сярод іх — і Аксана Колб, рэдактарка газеты «Новы Час»
МУС 28 кастрычніка абнавіў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» – спіс абнавіўся адразу на рэкордныя 625 прозвішчаў, паведамляюць праваабаронцы. Туды ўнеслі беларусаў і грамадзян іншых дзяржаў, якія пераследуюцца ці пераследаваліся па «палітычных» крымінальных артыкулах у Беларусі.
Сярод іх цяпер — галоўная рэдактарка газеты «Новы Час» Аксана Колб, былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў, дырэктар студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глеб Койпіш, палітзняволены лекар-неўролаг Аляксандр Цялега, былы палітзняволены айцішнік Аляксей Караткоў, які адбыў тэрмін у сакавіку, але МУС пазначыў, што ён адбывае пакаранне, асуджаны да 10 гадоў палітзняволены Ягор Міхайлаў, палітзняволеная Дар'я Ляўко, якой прызначана прымусовае лячэнне па арт. 342 КК, былы палітзняволены бяздомны Аляксандр Кутас, стваральніца Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіна Лавор, якая адбывае «хатнюю хімію», былы палітвязень Данііл Калеснікаў, якога асудзілі да калоніі ў 17 гадоў, палітзняволены з разумовай адсталасцю Дзмітрый Гопта, былы палітзняволены супрацоўнік БМЗ Аляксандр Баброў, які 16 верасня 2021 года быў памілаваны, але пазначана, што ён адбывае пакаранне.