Мова нянавісці ў Беларусі. Праблема для будучыні

Адчайныя часы патрабуюць адчайных рашэнняў, і Беларусь чарговым разам аказалася «наперадзе планеты ўсёй». Пакуль увесь свет вынаходзіць універсальнае вызначэнне мовы варожасці, беларускія праваабаронцы дамовіліся пра тое, што ёю лічыць у нашым рэгіёне.

1588688906_ctv.jpg


Складанасці вызначэння


Пакуль мы можам вызначыць мову варожасці ў журналісцкіх матэрыялах больш інтуітыўна. У залежнасці ад падыходаў зацікаўленых груп, гэтае вызначэнне можа быць розным. Акрамя таго, існуе тонкая мяжа ў тым, каб вызначэнне мовы варожасці не закранала свабоду слова.
«Ёсць сацыялагічны падыход, ёсць юрыдычны падыход, і ў кожнага падыходу ёсць свае мэты. Юрыдычны падыход спрабуе паказаць нам, якія выразы мусяць быць забароненыя, а якія — легальныя. Праводзіцца мяжа паміж свабодай выказвання меркавання і свабодай ад дыскрымінацыі. Фармулёўкі, якія прымяняюцца ў юрыдычным падыходзе, прызначаныя для таго, каб суды маглі вызначыць, якія выразы забароненыя, а якія дазволеныя, — напрыклад, Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ)», — кажа ўдзельнік ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць» і эксперт у галіне мовы варожасці Алег Ражкоў.
Ёсць, напрыклад, сацыялагічны падыход да мовы варожасці — ён больш шырокі і спрабуе вызначыць, да якіх зменаў могуць прывесці тая ці іншая моўная рыторыка, што прысутнічае ў медыяпрасторы. Свая фармулёўка ёсць у Facebook, свая фармулёўка ёсць у YouTube.
У Ражкова таксама ёсць свая фармулёўка мовы варожасці, выпрацаваная гадамі. «Калі я праводжу трэнінгі па мове варожасці, для мяне важна, каб людзі зразумелі яе сутнасць: дзе корань, як знайсці або самастойна ўбачыць, што адносіцца да мовы варожасці, а што — не. Калі я складаў сваю фармулёўку, я ўзяў дзве самыя частыя ў юрыдычным падыходзе — гэта фармулёўка Камітэта міністраў Рады Еўропы, якую выкарыстоўвае ЕСПЧ, і фармулёўка Камітэта ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі. Яны адрозніваюцца, у іх розны фокус. Я простымі словамі пераказаў сутнасць. Такім чынам з’явілася тое, што называюць «фармулёўкай Алега Ражкова», — кажа эксперт.
Паводле яго фармулёўкі, мова варожасці — гэта «ўсе формы самавыяўлення, якія адмаўляюць асноўныя прынцыпы чалавечай годнасці і роўнасці і распальваюць нянавісць ці ксенафобію да групы людзей, аб’яднаных абароненай характарыстыкай».
Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі кажа, што «мова варожасці — гэта форма выказвання, арыентаваная на навакольных, якая адмаўляе асноўныя прынцыпы чалавечай годнасці і роўнасці, накіраваная на прымяншэнне стану асобаў або груп насельніцтва ў вачах грамадства». Гэта фармулёўка пра адмаўленне роўнасці.
Другая фармулёўка на слых (ці нават калі чытаць першы раз) вельмі цяжка ўспрымаецца. Яе выкарыстоўвае ЕСПЧ.
«Мова варожасці — гэта ўсе віды выказвання, якія распаўсюджваюць, распальваюць, падтрымліваюць або апраўдваюць расавую нянавісць, ксенафобію, антысемітызм і іншыя формы нянавісці, выкліканыя нецярпімасцю, у тым ліку агрэсіўным нацыяналізмам, этнацэнтрызмам, дыскрымінацыяй меншасцяў і варожага стаўлення да іх, а таксама мігрантаў і асоб, якія па сваім паходжанні адносяцца да імігрантаў». Гэтая частка масіўная, але паказвае набор характарыстык, у закрытым спісе, у дачыненні да якіх можа распальвацца нянавісць.
Ражкоў у сваёй фармулёўцы аб’яднаў іх у адно: у «абароненыя характарыстыкі».

Чалавек ці грамадства?


У міжнародных фармулёўках кідаецца ў вочы адно адрозненне. Фармулёўка ААН адносіцца таксама да індывіда, а еўрапейская фармулёўка — толькі да груп. «Формула Ражкова» адсылае нас да «абароненых катэгорый». Дзяржаўная прапаганда ў сучаснай Беларусі «дэманізуе» ўдзельнікаў пратэстаў безадносна іх веравызнання, нацыянальнасці або нейкіх іншых відавочных прыкметаў «абароненай групы».
Сам Ражкоў не лічыць гэты момант праблемай класіфікацыі. «Мова варожасці можа адносіцца не толькі да групы людзей, але і да індывіда, які мае прыкметы гэтай групы. Калі браць класіфікацыю і прыкмету групы — гэта і ёсць характарыстыка “абароненай групы”. Напрыклад, праваабарончая арганізацыя “ARTICLE 19” кажа, што спіс абароненых характарыстык павінен быць максімальна шырокім, ён павінен быць адкрытым і можа змяняцца ў залежнасці ад кантэксту, які ёсць у грамадстве. Нейкія характарыстыкі робяцца ўразлівымі, а нейкія — знікаюць. Да такіх характарыстык цалкам можна аднесці колер скуры, нацыянальнасць, статус мігранта, могуць адносіцца і палітычныя погляды», — адзначае эксперт.
У сучаснай беларускай сітуацыі ў айчыннай медыяпрасторы безумоўна прысутнічае мова варожасці, якая аб’ядноўвае ў характарыстыках палітычныя погляды, адзначае Ражкоў. Гэта і ёсць «прыкмета групы.

Асаблівасці беларускай прапаганды


Мова варожасці, якая выкарыстоўваецца беларускай прапагандай цяпер, пакуль, на думку Ражкова, знаходзіцца ў пэўных прававых рамках. «У Беларусі мову варожасці абмяжоўваюць артыкул 130 Крымінальнага кодэкса і закон аб экстрэмізме, якія забараняюць распальванне нянавісці ў дачыненні да розных груп насельніцтва. Так, у беларускай прапагандзе ёсць пэўная дэгуманізацыя, стварэнне негатыўнага вобразу, але там няма адкрытых заклікаў да нянавісці, гвалту і дыскрымінацыі, за якія можна было б прыцягнуць па законе», — гаворыць Ражкоў.
Але небяспека рыторыкі дзялення на «сваіх» і «чужых», дэгуманізацыі пэўнай часткі грамадства, стварэння вобразу ворага — нават нягледзячы на тое, што быццам бы такія выказванні знаходзяцца ў юрыдычных рамках — у тым, што яна вядзе да эскалацыі. Калі не звяртаць увагі на такія рэчы, то рыторыка варожасці мае ўласцівасць «раскручвацца» да больш жорсткіх праяў. А там недалёка і да рэальнага канфлікту.
Эскалацыя мовы варожасці ўзнікае з абодвух бакоў. З аднаго боку, афіцыйная прапаганда пачынае апеляваць да гітлераўскай эпохі — «фашысцкая сімволіка» ў дэманстрантаў, самі яны «напаўфашысты» і гэтак далей. З іншага, калі браць пэўныя тэлеграм-каналы, таксама нарастае градус агрэсіі, таксама выкарыстоўваюцца адсылкі да дэгуманізацыі часоў Другой сусветнай — «акупанты», «карнікі», «фашысты». Атрымліваецца, што і з аднаго, і з другога боку рыторыка напальваецца, а за рыторыкай абвастраецца і сітуацыя.
«Ёсць тэорыя лінгвістычнай адноснасці, якая кажа, што мова, якую мы выкарыстоўваем, фармуе нашае мысленне, а мысленне фармуе нашыя паводзіны. Іншымі словамі, тое інфармацыйнае поле, якое мы ствараем праз словы, якія выкарыстоўваем, праз азначэнні, якія прысутнічаюць у медыяпрасторы, правакуе людзей, што ўспрымаюць гэтую інфармацыю, на пэўныя паводзіны. І раскручванне спіралі гвалту адбываецца праз прапаганду, якая цяпер існуе. Яна падсілкоўвае гэты гвалт. Зверствы тых жа амапаўцаў: яны прыходзяць вечарам дадому, глядзяць сюжэт БТ, дзе іх пераконваюць, што дэманстранты — фашысты, і яшчэ з большай лютасцю выходзяць на вуліцы збіваць мірных грамадзян», — адзначае Ражкоў.

Як стварыць праблему для будучыні


Прапаганда і мова варожасці ствараюць вялікую праблему для будучыні краіны. Усе тыя, каго называюць «ябацькамі», супрацоўнікі АМАПа і суддзі, што выносяць несправядлівыя прысуды, усё роўна застануцца жыць у Беларусі. У прэзідэнцкім самалёце — усяго каля 50 месцаў. А ў нас прыкладна 130 тысяч супрацоўнікаў міліцыі, больш за 100 тысяч чыноўнікаў розных узроўняў, 1200 суддзяў…
На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года стварылі 5767 выбарчых участкаў — гэта значыць, у іх працавала каля 75 тысяч чальцоў выбарчых камісій. Не ўсе яны фальсіфікавалі вынікі выбараў, аднак у грамадстве цяпер узмоцненыя настроі наконт «калектыўнай адказнасці».
З гэтымі людзьмі нам усё роўна давядзецца жыць у адной краіне. І ў хуткім часе мы проста вымушаныя будзем якімсьці чынам нівеляваць уздзеянне прапаганды і мовы варожасці, і шукаць паразуменне з тымі, хто не падзяляе наш пункт гледжання.
«Нам сапраўды трэба разумець, што не існуе “тых” ці “іншых” людзей, існуюць беларусы — людзі, якія жывуць на гэтай тэрыторыі, у Рэспубліцы Беларусь. І ва ўсіх, хто жыве на гэтай тэрыторыі, розныя погляды, розная вера, розныя перакананні, розныя хобі. Усе — абсалютна ўсе людзі — розныя. Казаць пра тое, што мы ўсе адчуваем аднолькавыя пачуцці, нельга. Нельга прыпісаць адны пачуцці і адны мэты ўсёй групе. Нам трэба імкнуцца прыглушыць у сабе ксенафобію, негатыўнае стаўленне да “іншых”. Пад “іншымі” я маю на ўвазе ўсё што заўгодна. Гэта можа быць іншая мова, іншы колер скуры, іншая сэксуальная арыентацыя, іншыя цікавасці... Трэба вучыцца крок за крокам выбудоўваць інклюзіўнае грамадства, якое ўключае ў сябе розныя групы, розныя інтарэсы — праз дыскусію, кампрамісы, дыялог. Калі выключаць нейкую групу, калі бачыць праблемы ў групе, то шлях вырашэння праблемы — ізаляваць гэтую групу ці яе знішчыць. А мы ўсе выдатна ведаем, што гэта генацыд», — кажа Ражкоў.

Недаацаніць прапаганду


Даўно, гадоў 15-20 таму, ва Украіне праходзілі парламенцкія выбары. Паліттэхнолагі аднаго кандыдата ў дэпутаты на поўначы Украіны знайшлі тры «абсалютна шчаслівыя» раёны. Паводле сацыялагічных апытанняў, там у асноўным, не лічачы дробных мясцовых праблем, усё было добра. Людзі былі абсалютна задаволеныя дзейнай уладай, а збіраліся галасаваць яны за… Лукашэнку!
Усе апытанні і даследаванні пацвердзілі гэтую тэндэнцыю. Паліттэхнолагі зламалі галовы, пакуль за працу не ўзяліся медыйшчыкі, пачаўшы высвятляць, у якіх СМІ лепш прасоўваць свайго кандыдата ў дэпутаты.
Аказалася, што ў гэтых трох «шчаслівых раёнах» украінскае тэлебачанне не ловіцца наогул, а ўкраінскае радыё — цераз пень-калоду. Затое першы канал Беларускага радыё і БТ-1 (поўнач Украіны — мяжа з Беларуссю) там ідзе «на ўра». І таму людзі думалі, што ў іх усё добра. І збіраліся галасаваць за Лукашэнку.
Так што сілу беларускай прапагандысцкай машыны не трэба пераацэньваць, але і недаацэньваць яе таксама не варта. І мы яшчэ вельмі доўга будзем разбірацца з наступствамі мовы варожасці, якую цяпер так актыўна выкарыстоўвае прапаганда.
Аліна Бялова, budzma.by