Мост на Нямізе ў Мінску адкрыты для руху

Мост на Нямізе, які зваліўся 8 студзеня, позна ўвечары 10 лютага адкрыты для руху.

b90775ef49ab1052bf74f65b8aa261b1.jpeg

10 студзеня гарадскія ўлады сказалі, што за месяц адкрыюць рух на новым мосце. Не ўсе давалі веры такім абяцанням, аднак будаўніцтва паспелі скончыць. І ўвечары 10 лютага ўсе агароджы былі прыбраныя, транспарт пайшоў над Нямігай, паведамляе onliner.by.

Яшчэ ўдзень 10 лютага мост візуальна быў гатовы да адкрыцця. На месцы ўжо практычна не было спецыяльнай тэхнікі, на дарожнае палатно была нанесеная разметка. Аднак афіцыйная інфармацыя пра адкрыццё руху з'явілася толькі бліжэй да вечара.

Зрэшты, яшчэ 9 лютага былі праведзеныя выпрабаванні новага моста  — па ім прагналі 6 самазвалаў, загружаных друзам. Маса кожнага грузавіка была 35 тон. Знізу моста былі замацаваныя датчыкі, якія адсочвалі стан канструкцыі.

88d4e3e09060850a7a4f3275bd05d012.jpeg

У 23:00 пуцеправод быў адкрыты толькі для пешаходаў. Некаторыя карысталіся гэтым, каб у ліку першых зрабіць эфектныя здымкі вячэрняга горада. На мосце заставалася дарожная тэхніка.

У 23:17 адкрылі рух пад пуцеправодам — па вуліцы Няміга. На самім мосце ў гэты момант завяршалася падрыхтоўка да адкрыцця руху — у прыватнасці, дафарбоўвалі слуп.

У 23:20 рух па пуцеправодзе над Нямігай быў адкрыты.

Частка аўтамабільнага моста ў раёне вуліцы Няміга абрынулася ў ноч з 7-га на 8-га студзеня. Пацярпела пешаходная секцыя — упалі агароджы і тратуар. Ніхто не пацярпеў. Гарадскія ўлады прынялі рашэнне цалкам разабраць мост. На аднаўленне далі сабе месяц. У канцы студзеня старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў казаў, што здача аб'екта адбудзецца ў тэрмін — і 10 лютага рух па новым мосце будзе адноўлены.