Мінскі педагог пра катаванні падчас затрымання: «Нас раздзявалі дагала некалькі разоў на дзень»

З магілёўскага ІЧУ вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе 62-гадовую Аляксандру Шастакову, педагога з Мінска. Яе абвінавачваюць па 369 артыкуле Крымінальнага кодэкса («Знявага прадстаўніка ўлады») за каментар пад адным з допісаў у Фэйсбуку, распавядае «Свабода».

111_17.webp

Аляксандра Шастакова — карэнная мінчанка, на пенсіі. Зараз працуе педагогам дадатковай адукацыі, вядзе дзіцячую студыю акторскага майстэрства «Хачу на сцэну». У кастрычніку мінулага году брала ўдзел у відэазвароце «Сумленныя настаўнікі Беларусі супраць гвалту». За ўдзел у маршы пенсіянераў яе аштрафавалі на 30 базавых.

Пасля вызвалення з магілёўскага ізалятара Аляксандра ўчора да трэцяй гадзіны ночы і сёння ад шостай раніцы адказвала на каментары, паведамленні і тэлефанаванні знаёмых і незнаёмых ёй людзей.

«Мяне падтрымлівалі бацькі вучняў майго мужа, якога няма ўжо больш як два гады, бацькі маіх вучняў, якія ў выпадку, калі мяне звольняць, гатовыя наняць памяшканне, каб я далей працавала, — кажа Аляксандра. — Учора гэта мяне расчуліла да слёз. Гэта людзі, якія трымалі сувязь з маімі сынамі, пыталіся, што са мной і дзе я. Мне нават неяк няёмка, бо я не народны герой, але быў шквал перажыванняў, пастоў. Гэта вельмі грэе і дапамагае перажыць тое, што я перажыла гэтыя тры дні».

Што здарылася?

5 красавіка на кватэры Аляксандры Шастаковай супрацоўнікі крымінальнага вышуку зрабілі з санкцыі пракурора вобшук. Спадарыня Аляксандра праходзіла сведкай па крымінальнай справе, пачатай у Магілёве, за каментар пад допісам пра міліцыянта, які збіў лекара. Яна нават не памятае той допіс у лістападзе. Ёй паказалі скрыншот, дзе яе каментар з аднаго слова «тварь» ідзе пасля нецэнзурнага каментара. Яна патлумачыла, што так рэагавала на нецэнзурны каментар.

Пасля вобшуку ў жанчыны забралі кампутар і тэлефон.

«У іх была задача выняць "прылады злачынства". Для мяне балюча толькі адно, бо ў кампутары ёсць папка "Мае песні для Сашы", якія муж запісаў за два месяцы да сваёй смерці. Я яшчэ не ведала, што ён памірае, а ён ужо ведаў. Ну, і мой дзённік, які я вяду пасля яго смерці і яму прысвячаю. У мяне валасы становяцца дыбарам, калі я разумею, што нехта чужы гэта глядзіць, чытае. Гэта нібы табе ў душу ўлезлі з бруднымі нагамі».

9 красавіка ў 7.24 раніцы пазванілі ў дзверы кватэры, зайшлі чатыры чалавекі з пастановай аб тым, каб даставіць Аляксандру ў Магілёў, дзе пачатая крымінальная справа па 369-м артыкуле за знявагу аднаго з супрацоўнікаў Ленінскага РУУС. Ёй сказалі, што яна праходзіць падазраванай і яе затрымліваюць на 72 гадзіны.

«Па мяне прыехалі цэлы палкоўнік, падпалкоўнік, нейкая дзяўчына, мінскі аператыўнік. Мне далі сабрацца, бо я яшчэ спала ў гэты час», — кажа жанчына.

У Магілёве Аляксандру дапыталі ў Следчым камітэце, потым адвезлі ў РУУС у «малпоўнік», дзе яна правяла 7 гадзін. Сюды ж даставілі яшчэ дзвюх жанчын з Мінска, якія за каментары праходзяць па той самай справе і тым самым артыкуле.

«У нас бедная краіна. Але па мяне адправілі машыну з Магілёва, гэта больш за 400 кіламетраў. Яшчэ дзве мае сукамерніцы таксама з Мінска, і па іх таксама адпраўлялі машыну. Гэта ж колькі грошай за бензін аддалі, каб нас, такіх «злачынцаў», даставіць і пасадзіць на трое сутак? Апроч гэтага, нас агулам суправаджалі дзевяць чалавек, і кожнаму з іх, відаць, плацілі камандзіровачныя. А там каментароў пад тым пастом, як мне сказалі, каля 400. Дык вось колькі грошай патраціць дзяржава, каб задаволіць некага пакрыўджанага», — кажа Аляксандра.

«Першую ноч нам наогул не далі спаць»

222_7.webp

Паводле Аляксандры, дзве яе сукамерніцы, якіх забралі адразу пасля ператрусу, былі ў шокавым стане. Адна з іх маладзейшая за Аляксандру на тры гады, а другая — на восем. Іх таксама вызвалілі ўчора раніцай.

«З нас там здзекаваліся. Я гэта расцэньваю як катаванні. Нам надзявалі кайданкі, нас раздзявалі дагала некалькі разоў на дзень, аглядалі нават нашу бялізну. У камеры мы спалі на голых дошках. Замест падушкі была двухлітровая бутэлька з вадой. Нам не дазвалялі сядзець на нарах, дзе можна было прыхіліцца спінаю да сцяны, толькі на лаўцы. Нас вадзілі на допыты і не давалі ўначы спаць», — кажа Аляксандра.

Аляксандра дзве гадзіны правяла ў халодным аўтазаку, калі іх перавозілі з пастарунка ў ізалятар, бо прапусціла наперад іншых дзвюх жанчын.

«Калі вывелі з аўтазака, надзелі кайданкі. Мне адвакат прынёс 4 літры вады, і я з хворай спінай свае торбы несла перад сабой у руках з кайданкамі. Потым прывялі ў пакой надгляду з відэакамерай, дзе прымусілі раздзецца дагала, рукі за спінай скавалі кайданкамі. Я хвілін 20 стаяла так голая, пакуль яны ашчупвалі ўсё да бялізны, — кажа жанчына. — Першы дзень я была галодная. Бутэрброды, якія былі з сабой, не дазволілі ўзяць у камеру, хоць дазволілі ўзяць ваду. Шакаладныя батончыкі, якія мне купіў адвакат у Магілёве, таксама ўзяць не дазволілі. Калі вада скончылася, нам давялося піць з-пад крана».

У камеру жанчына трапіла толькі каля дзясятай вечара.

«Мы толькі леглі на нары, на дошкі без матрацаў, як праз 10 хвілін святло ўключылі. Праз пару гадзін адчынілі акенца і нам загадалі падысці і назвацца. Не паспелі легчы, празь дзве гадзіны зноў загадалі падысці да акенца і назваць свае прозвішчы. Прычым грукалі жалезам: "Устаць!" — кажа жанчына. — Потым зноў грукнулі і нейкі юнак спытаўся: "Барышні, вам туалетка і мыла патрэбныя?" Паперу яны выдавалі, наматаўшы метры тры на руку, і штораз мы павінны былі яе прасіць. Я адказала, што я яму не "барышня", а бабуля. То-бок першую ноч нам наогул не далі спаць».

Паводле Аляксандры, у ІЧУ служаць розныя людзі, ёсць садысты, а ёсць тыя, хто спрабуе неяк аблегчыць пакуты тых, хто там апынуўся.

«На наступны дзень паднялі, прынеслі анучу на швабры з хлоркай, каб мы памылі камеру. Хлорка там ажно булькала на ёй. Мы памылі. Пад нарамі знайшлі новыя мужчынскія трусы, і мы іх выкарысталі, каб прыбраць у камеры, — кажа Аляксандра. — Потым зноў на надгляд. Рукі завялі за спіну, і нам праз акенца надзелі кайданкі, вывелі ў калідор, загадалі стаць тварам да сцяны, галаву ўніз. Потым нас завялі ў калідорчык і зноў загадалі раздзецца дагала. Пасля сняданку прыехаў нейкі супрацоўнік, мы з ім пагутарылі пра перамены, пра ўсё. Я яму сказала, што не збіраюся хаваць свае погляды, што думаю, тое і кажу. Перад абедам нас зноў павялі на надгляд, раздзявалі дагала. Прычым там адчынілі балкон і быў скразняк. Я прасіла зачыніць, бо ў мяне хворая спіна. Адна дзяўчына зачыніла, а другая — не. Перад вячэрай зноў павялі на надгляд і зноў раздзявалі».

Потым Аляксандру і іншых дзвюх жанчын з Мінска перавялі ў суседнюю камеру, дзе яны правялі дзве ночы.

«Гэтая камера была пракураная настолькі, што нават мае сукамерніцы, якія самі кураць, кашлялі. У мяне быў бронхаспазм, бо я не пераношу паху дыму. Я наглядчыкаў папярэдзіла, але мне сказалі, маўляў, калі будзе дрэнна, выклічам "хуткую". Мы ўключылі ваду ў кране, каб збіць гэты пах. У камеры было вельмі брудна».

Сына затрымалі, яго аўтамабіль застаўся ў Магілёве

Сын Аляксандры Павел, які даведаўся, што маці вязуць у Магілёў, паехаў побач на сваім аўтамабілі.

«Прычым мы спыталі суправаджаючых, ці можна са мной паехаць, і яны дазволілі. Сын быў якраз на Магілёўскай шашы, бо адвозіў маю маці ў кляштар у Ляды. Ён пад’ехаў, пасігналіў і памахаў рукой, — кажа Аляксандра. — У Магілёве Паўла затрымалі, маўляў, на машыне перабітыя нумары».

Сына трымалі ў тым жа РУУС, пакуль маці не перавялі ў ІЧУ. Але аўтамабіль не аддалі, пакінулі ў Магілёве — нібыта для экспертызы.

«Уявіце, ён вяртаўся без грошай, не мог трапіць на працу, у яго трое дзяцей. Не змог забраць бабулю з манастыра ў Лядах, яна дабіралася дадому з чужымі людзьмі. Пакуль была ў ІЧУ, уся трывога была за сына, — кажа Аляксандра. — Мяне папярэдзілі, што па маёй справе да суду будуць выклікаць на следчыя дзеянні ў Магілёў, куды я мушу дабірацца сама, потым будзе суд».

«Каментар з аднаго слова, літаратурнага і біблейскага»

Да свайго пераследу Аляксандра Шастакова ставіцца як да беззаконня.

«Гэта проста сродак запалохвання, дэмаралізацыі. Тое, што з намі адбывалася ў ІЧУ, — гэта катаванні і прыніжэнне чалавечай годнасці. Не было неабходнасці нас затрымліваць, — кажа Аляксандра. — Раней ніхто б і ўвагі не звярнуў на гэты каментар з аднаго слова, дарэчы, літаратурнага і біблейскага. Ён бязадрасны, там не напісана імя, наогул нічога».

Аляксандра даглядае 82-гадовую маці і сястру-інваліда, але пры затрыманні гэтага не ўлічылі.

«Мая маці прайшла падчас вайны нямецкі дзіцячы дом, у два з паловай гады апынулася там у гета ў Мінску, яе згубілі падчас эвакуацыі. Яна ўсю вайну прабыла ў нямецкім дзіцячым доме, у яе бралі кроў. Таму ў мяне генетычная памяць і загартоўка, — кажа Аляксандра. — Цяпер маці 82 гады, яна манахіня, служыць званаром у царкве. Калі яна такое вынесла, то і я вынесу таксама».