Мінлясгас заявіў аб поўнай лакалізацыі пажару на Альманскіх балотах

Буйное ўзгаранне на балоцістай мясцовасці паблізу вёскі Альманы Столінскага раёна цалкам лакалізавана, паведамляе прэс-служба Мінлясгаса Беларусі.

pozhar_1.jpg

На тушэнні пажару былі задзейнічаны больш за сотню работнікаў дзяржаўнай лясной аховы, некалькі адзінак гусенічных балатаходаў, а таксама авіяцыя МНС.
Узгаранне было знойдзена 24 жніўня дырэктарам Палескага лясгаса падчас патрулявання мясцовасці. Адразу ж пачалася аперацыя па ліквідацыі ачага. Ёй асабіста кіраваў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, які неадкладна выехаў на месца здарэння, паведамляе прэс-служба ведамства.
25 жніўня на дапамогу лесаводам прыйшла авіяцыя МНС. Пры гэтым работа па лакалізацыі ўзгарання ўскладнялася ўмовамі надвор'я: засухай і моцным ветрам.
Верагоднай прычынай пажару стала парушэнне правілаў пажарнай бяспекі. Дадзеная мясцовасць карыстаецца папулярнасцю сярод ягаднікаў, крыніцай пажару магла стаць непагашаная цыгарэта.
На дадзены момант работнікі дзяржаўнай лясной аховы вызначаюць плошчу, пройдзеную агнём, падлічваюць шкоду.
Паводле naviny.by