Міністар спорту паведаміў, што тэрмін бязвізавага ўезду ў Беларусь неўзабаве можа быць павялічаны
Бязьвізавы рэжым уезду ў Беларусь ужо паказаў сябе добрым інструментам развіцця турызму і бізнесу, заявіў міністар спорту і турызму Аляксандр Шамко 29 ліпеня перад журналістамі на фэстывалі «ПраНеба» на аэрадроме Баравая пад Мінскам.
Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.
«Сёння ўжо відавочна, што бязвізавы рэжым становіцца добрай дзелавой пляцоўкай, — сказаў чыноўнік. — Ён спрыяе не толькі прытоку турыстаў, але і правядзенню дзелавых перамоў».
Шамко адзначыў, што паводле беларускага заканадаўства замежныя спартоўцы і трэнэры атрымліваюць уязныя дакументы бяз пошліны, аднак увядзенне кароткатэрміновага бязвізавага рэжыму дазволіла яшчэ больш аблегчыць для іх уезд у Беларусь.
«Хутка прыйдзе час уносіць змены [ва ўказ аб бязвізавым уездзе ў Беларусь] кіраўніку дзяржавы. Безумоўна, змены будуць унесены», — заявіў Шамко, маючы на ўвазе павелічэнне тэрміну бязвізавага знаходжання ў Беларусі іншаземцаў.
Ад 12 лютага сёлета дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым уезду для грамадзян 80 краін, уключаючы ЗША і дзяржавы ЕС, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.
Беларускія ўлады раней заявілі пра намер павялічыць гэты тэрмін да 10 дзён.
Паводле «Радыё Свабода»