Мінінфарм абмежаваў доступ да сайта Баранавіцкага выдання «Інтэкс-прэс»
Паводле Пастановы Міністэрства інфармацыі ў Беларусі абмежавалі доступ да сайта Баранавіцкага выдання «Інтэкс-прэс».
У сераду 29 снежня ў рэдакцыю Баранавіцкага выдання «Інтэкс-прэс» паступіла копія ліста Мінінфарма аб абмежаванні доступу да сайта. Прычына — «парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена». У рэдакцыі выдання не ведаюць, колькі будуць дзейнічаць абмежаванні, піша REFORM.by.
«На дадзены момант нашы спецыялісты вырашаюць тэхнічныя пытанні, але вы па-ранейшаму можаце заходзіць на наш сайт праз VPN і чытаць нас у сацыяльных сетках. Мы працягваем працаваць для вас і спадзяемся, што вы застанецеся з намі і падтрымайце нас у гэты няпросты час», — сказана ў паведамленні рэдакцыі.
«Інтэкс-прэс» — адно з найбуйнейшых рэгіянальных выданняў Беларусі, у 2006 годзе сайт увайшоў у ТОП-15 самых наведвальных інтэрнэт-СМІ Беларусі.
У 2021 годзе рэдакцыю выдання пяць разоў (!) каралі за інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай, само інтэрв'ю прызналі экстрэмісцкім матэрыялам, у рэдакцыі прайшоў ператрус. Белпошта выключыла друкаваную версію выдання з падпіснога каталога, а гандлёвыя сеткі адмовіліся ад рэалізацыі газеты. Пазней стала вядома, што беларускія друкарні адмовіліся друкаваць газету.