Яшчэ адзін штраф на 4350 рублёў. «Intex-press» пакаралі за адно інтэрв’ю з Ціханоўскай пяць разоў!

5 траўня дырэктара газеты "Intex-press" Уладзіміра Янукевіча ўжо другі раз судзілі за інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай. Працэс адбыўся ў Брэсцкім абласным эканамічным судзе.

Рэдактар і выдавец «Іntex-Press» Уладзімір Янукевіч

Рэдактар і выдавец «Іntex-Press» Уладзімір Янукевіч


За «распаўсюд забароненай інфармацыі» выдаўца пакаралі штрафам у памеры 4350 рублёў (150 базавых велічынь — з максімальна магчымых 200). Так пастанавіў абласны эканамічны суд, перадае «Радыё Свабода».

26 красавіка за гэтае ж «парушэнне» суд у Баранавічах ўжо аштрафаваў яго як фізічную асобу на 580 рублёў.

Акрамя таго, 4 траўня рэдакцыя «Intex-press» атрымала электроннай поштай пісьмовае папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Ведамства папярэдзіла газету за апублікаванае 14 красавіка інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, якое баранавіцкі суд прызнаў «экстрэмісцкім».

Рэдакцыі належыць выправіць парушэнні да 14 траўня. Рэдакцыя зняла інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай са свайго сайта і выдаліла з YouTube-канала 29 красавіка, калі на сайце Генпракуратуры з’явілася рашэнне суда. Калі быў суд, ці была экспертыза, хто яе праводзіў — невядома. Права на абарону рэдакцыі не далі.

Таксама 4 траўня «Белсаюздрук» паведаміў рэдакцыі, што ад 5 траўня «адмаўляецца ад выканання дамоўных абавязкаў у аднабаковым парадку». Рэдакцыя збіраецца абскардзіць гэтае рашэнне.

Таксама газету адмовілася ўключаць у падпісны каталог на другое паўгоддзе «Белпошта».

Такім чынам, розныя ведамствы пакаралі рэсурс пяць разоў за адно і тое ж — за гутарку са Святланай Ціханоўскай.

І гэта яшчэ не канец. Праводзіцца праверка аб узбуджэнні крымінальнай справы. У рамках праверкі ў міліцыю выклікалі аўтарку інтэрв’ю Людмілу Сцяцко.