Мінінфармацыі вынесла папярэджанне газеце «Intex-press»

На баранавіцкую незалежную газету «Intex-press» працягваецца ціск пасля публікацыі інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай.

Галоўны рэдактар «Intex-press» Уладзімір Янукевіч / прэс-служба БАЖ

Галоўны рэдактар «Intex-press» Уладзімір Янукевіч / прэс-служба БАЖ


4 траўня рэдакцыя выдання атрымала па электроннай пошце пісьмовае папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Мінінфарм спаслаўся на тое, што баранавіцкі суд 14 красавіка прызнаў інтэрв'ю з Ціханоўскай экстрэмісцкім матэрыялам. Таму рэдакцыі выдання вынеслі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння патрабаванняў артыкула 38 «Закона аб СМІ». Акрамя таго, да 14 траўня рэдакцыя павінная ліквідаваць дапушчаныя парушэнні і паведаміць у Мінінфармацыі, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на прэс-службу БАЖ.

Дарэчы, калі інтэрв'ю з Ціханоўскай было прызнанае экстрэмісцкім, рэдакцыя зняла яго з сайта і выдаліла з YouTube-канала.

Таксама 4 траўня рэдакцыя «Intex-press» атрымала ліст ад дырэктара Брэсцкага філіяла ТРУП «Белсаюздрук» Таццяны Зіневіч. Чыноўніца паведаміла, што з 5 траўня 2021 года прадпрыемства ў аднабаковым парадку скасоўвае дамову на распаўсюд выдання. У рэдакцыі плануюць абскарджваць гэтае рашэнне.

Раней «Белпошта» выкрасліла выданне са свайго падпіснога каталога на другое паўгоддзе 2021-га. Ад распаўсюду газеты адмовіліся і гандлёвыя сеткі.

За публікацыю інтэрв’ю на сайце галоўнага рэдактара Уладзіміра Янукевіча ўжо аштрафавалі на 580 рублёў (20 базавых велічынь). 5 траўня Брэсцкі абласны эканамічны суд разгледзіць адміністрацыйную справу за інтэрв’ю, апублікаванае ў друкаванай версіі газеты. Рэдакцыі пагражае штраф да 5800 рублёў (200 базавых велічынь).