Мінэнерга: ніякіх расколін у верхніх швах корпуса рэактара першага блока АЭС няма!
Мінэнерга заявіла, што «інфармацыя Літвы пра БелАЭС — мэтанакіраваная акцыя па дыскрэдытацыі праекта».
Мінэнерга ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале адпрэчыла абвінавачанні Літвы пра тое, нібыта беларускія ўлады і расійскі «Расатам» схавалі інцыдэнты, якія адбыліся на Астравецкай АЭС (БелАЭС) у 2022 годзе.
У заяве Мінэнерга гаворыцца, што «інфармацыя Літвы пра БелАЭС — мэтанакіраваная акцыя па дыскрэдытацыі праекта».
Нагадаем, як пісаў «НЧ», літоўскія ўлады, ацэньваючы пагрозы для нацыянальнай бяспекі, адзначылі беларускую атамную станцыю на мяжы са сваёй краінай і заявілі, што беларускія ўлады і расійскі «Расатам» схавалі інцыдэнты на БелАЭС у 2022 годзе і тое, што рэактары маюць пэўныя дэфекты.
У заяве літоўскага боку адзначалася, што ў траўні 2022 года сістэмы кантролю БелАЭС устанавілі, што «з'явіліся расколіны ў верхніх швах корпуса рэактара першага блока. Паводле ацэнкі спецыялістаў, якасна ліквідаваць дэфекты можна, толькі зняўшы рэактар, аднак у сілу палітычных прычын такі варыянт нават не разглядалі».
Запусціць другі блок БелАЭС перашкаджалі тэхнічныя праблемы: «яго павінны былі запусціць у эксплуатацыю ў 2022 годзе, але летась у лютым зафіксавалі хімічнае змяненне саставу вады, якая астужае рэактар блока, вада была забруджана смоламі. Канстатавалі, што механічным спосабам трэба пачысціць усе трубы контуру і выгрузіць ядзернае паліва».
Літоўскі бок дапусціў, што «дэфекты тэхнічных дэталяў былі і пасля запуску другога блока».
«Расатам» зацікаўлены ў пашырэнні свайго ўплыву за мяжой, у стварэнні залежнасці ад тэхналогій, якія прадстаўляюцца, але прыклад БелАЭС і выкліканыя ёю пагрозы паказваюць, што «Расатам» не можа гарантаваць надзейнасць і бяспеку сваіх тэхналогій», — гаворыцца ў адмысловым літоўскім дакуменце.
Беларускі Мінэнерга на гэта заявіў, нібыта «разгорнута чарговая інфармацыйная кампанія, накіраваная на фарміраванне негатыўнага стаўлення да БелАЭС праз раздзіманне ўяўнай пагрозы станцыі для міжнароднай супольнасці. Прыводзяцца нічым не пацверджаныя звесткі, якія палохаюць, пра яе будаўніцтва, задача якіх — ускалыхнуць грамадскую думку, палітызаваць сітуацыю, дыскрэдытаваць нашу краіну на сусветнай арэне».
Мінэнерга падкрэслівае, што бяспека працы сістэм і абсталявання БелАЭС «была і застаецца абсалютным прыярытэтам на ўсіх этапах будаўніцтва і эксплуатацыі атамнай станцыі». Адзначаецца, што «тэхналогіі па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, якія выкарыстоўваюцца ў рамках праекта, паспяхова прымяняюцца ў іншых краінах і даказалі сваю надзейнасць і эфектыўнасць».
Беларуская кампанія пераконвае, што рамонт у 2022 годзе на БелАЭС быў планавым — «для выключэння магчымых адхіленняў у працы тэхналагічных сістэм і абсталявання на атамных станцыях». «Усе работы выкананы ў штатным рэжыме, у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі наглядных органаў і міжнародных нормаў, пра што паведамлялася неаднаразова. З мэтай выканання сваіх міжнародных абавязацельстваў Беларусь не толькі інфармавала суседнія краіны аб правядзенні рамонтных работ, але і адказала на пытанні, якія паступілі. Усё было зроблена адкрыта і празрыста»… «Па выніках дыягностыкі не было выяўлена ніводнага дэфекту, які ўяўляе пагрозу для ядзернай і радыяцыйнай бяспекі — тым больш які патрабуе дэмантажу рэактара. Запушчаная аб БелАЭС інфармацыя — чарговы ўкід, які мэтанакіравана зроблены менавіта цяпер, на заключным этапе будаўніцтва аб'екта».
Таксама ў заяве Мінэнерга адзначаецца, што запуск другога рэактара адбудзецца вельмі «хутка». «Зусім хутка ў яго рэактары будзе запушчана ланцуговая рэакцыя, пасля чаго адбудзецца вывад рэактарнай устаноўкі на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасці і падлучэнне блока ў сетку. Затым пройдзе этап доследна-прамысловай эксплуатацыі і комплексных выпрабаванняў».