Міліцыянты здзекваліся над 67-гадовай актывісткай ў РУУС

67-гадовая актывістка дэмакратычнага руху Ніна Багінская, якую міліцыя ўчора затрымала разам з 8 іншымі ўдзельнікамі акцыі памяці Міхала Жызнеўскага, распавяла, як яе абражалі і пагражалі ў пастарунку Цэнтральнага раёну Мінска.



nina_bahinskaya1.jpg

«У мяне забралі кіёчак і не давалі сесці, хаця ў залі, дзе мы знаходзіліся, было поўна новых крэслаў. Сам міліцыянт сядзеў. Я сказала, што я чалавек сталага ўзросту і не магу стаяць без кіёчка, што мне трэба на нешта абапірацца. Але крэсла мне так і не далі. Нас паставілі тварам да сцяны, сказалі пакласці рукі на сцяну. Проста нейкае нахабства. Раней такога я не бачыла ў дачыненні да сябе, пажылога чалавека.
Нас, палітычных, аддалі зусім маладым міліцыянтам — хлопцам гадоў 25-28. У мяне склалася ўражанне, што яны ўпершыню чулі беларускую мову — яны вельмі смяяліся з прозвішча адной затрыманай п’янай жанчыны — Лапцянок. Міліцыянты шчыра смяяліся са звычайных беларускіх прозвішчаў.
Са здзекам запытваліся, чаму мы шануем памяць Міхася Жызнеўскага. Я сказала: таму што ён герой. Тады міліцыянты запыталіся, якое ён дачыненне мае да Беларусі. Мы адказалі на гэта, што Міхась памёр за свабоду Украіны, а воля Украіны — гэта і воля Беларусі ад маскоўскага прыгнёту. На гэта міліцыянт сказаў, што Беларусь ніколі не была самастойнай дзяржавай.
На мяне раней ніколі не лаяліся матам. Учора ж на мяне лаяліся, называючы розныя геніталіі, зневажалі ў сэксуальным плане. І рабіў гэта малады хлопец. Гэта было вельмі брыдка. У канцы ён сказаў, што з мяне сыплецца пясок і што ён можа асабіста мяне закапаць. Пачуўшы гэта, я папрасіла жанчыну, якая была разам са мной у пастарунку, каб яна была сведкай на судзе за пагрозу фізічнай расправы. Пратакол за несанкцыянаваны пікет я не падпісала, спаслаўшыся на тое, што на чужынскай мове не разумею».
svaboda.org