Міліцыянты ў Крычаве аддаюць свае прэміі кіраўніцтву (+відэа)
Крычаўскіх міліцыянтаў кіраўніцтва прымушае выконваць план па
«злачынствах» і аддаваць частку заробкаў. 11 супрацоўнікаў правапарадку
даслалі ў лютым ліст міністру Шуневічу, у якім апісваюць умовы сваёй працы.
Падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік праслужыў у міліцыі 21 год, медаль «За бездакорную службу», які ён атрымаў летась, паказвае з гонарам. Міліцыянт прызнаецца, што, аднак, служыць у Крычаўскім РАУСе, дзе ён кіруе цяпер аддзелам аховы парадку і прафілактыкі, усё цяжэй. Падпалкоўнік цвердзіць, што цяперашні ягоны кіраўнік, падпалкоўнік Станіслаў Чупрын, перайшоў усе магчымыя межы: супрацоўнікам не даюць прэміяў, а калі прэміруюць, грошы трэба аддаць кіраўніцтву.
Паборы, кажа Вусік, ягоны кіраўнік дзяліў з намеснікам кіраўніка па ідэалагічнай працы Васілём Ціханенкам.
«У снежні 16-га года нам выдалі прэміі, але мы гэтае прэміяванне мусілі вярнуць. Ціханенку і іншым кіраўнікам, відаць», — распавядае ўчастковы Крычаўскага РАУСу Андрэй Шашкоў.
Паводле міліцыянтаў, дзяжурныя не маглі сыходзіць са службы, не выявіўшы правапарушэнняў паводле артыкулаў «За хуліганства» і «За распіванне алкагольных напояў у грамадскіх месцах». Міліцыянты мусілі дзяжурыць, пакуль не знойдуць вінаватых паводле адпаведных артыкулаў. На ўзмоцнены рэжым нясення службы за мінулы год працаўнікоў аддзелу аховы парадку пераводзілі 8 разоў, зазначае былы міліцыянт Юрый Дзюбанаў.
«Абстаноўка ў райаддзеле была нармальная — людзі маглі працаваць у штатным рэжыме. А гэта [узмоцнены рэжым] — 10 дзён без выходных і 12-гадзінны працоўны дзень», — кажа Дзюбанаў.
«Гнілая вінаградзіна»
Апроч таго, міліцыянты кажуць пра вербальныя здзекі. «Абразы? «Гнілы вінаград, гнілая вінаградзіна, плесень, прынясі мне свой дыплом – я яго парву», — кажа Ігар Вусік. — Мае словы могуць пацвердзіць іншыя супрацоўнікі — на нарадах, дзе б гэта ні было: «прынясіце мне свае дыпломы — я парву», «прыносьце мне свае заявы — у мяне ў міліцыю чарга стаіць», «латругі», «ляноты», мацерныя выразы».
Ігар Вусік разам з калегамі звяртаўся да вышэйшага кіраўніцтва, аднак магілёўскае Упраўленне ўласнай бяспекі парушэнняў паводле скаргі міліцыянта не знайшло. Больш за тое, сам Вусік трапіў на прафілактычны ўлік. Міліцыянт упэўнены: у Чупрына сувязі з магілёўскімі калегамі, што ладзілі правяранне.
«Я галасаваў за прэзідэнта»
Цяпер і Ігар Вусік, і ягоныя паплечнікі разлічваюць на расследаванне сталічных органаў. У звароце да міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча яны пералічылі ўсё, з чым сутыкаліся пад кіраўніцтвам Чупрына: знявагі і кпіны, несправядлівыя пакаранні, неабгрунтаваныя з гледзішча міліцыянтаў пераводы на ўзмоцнены варыянт нясення службы ды абавязковыя выяўленні правапарушэнняў. Падпісалі зварот 11 чалавек.
«Я б хацеў сказаць, што паўжыцця прапрацаваў міліцыянтам. Я галасаваў за прэзідэнта — за гэтую ўладу. Але гэтыя нерадзівыя прадстаўнікі — яны толькі падрываюць яго аўтарытэт. Наш зварот да вас — вымушаны», — прызнаецца Ігар Вусік.
Міліцыянт лічыць, што ягонае кіраўніцтва паводзіць сябе так, бо адчувае беспакаранасць.
Станіслаў Чупрын праз тэлефоне кажа, што справу ўжо разгледзелі.
«Калі звярнуліся людзі да міністра са скаргай, значыць, разбіральніцтва праводзяць пэўныя кампетэнтныя органы, — кажа нам па тэлефоне кіраўнік Крычаўскага РАУС Станіслаў Чупрын. — Дакладней, ужо разабраліся, ёсць вынікі пэўных праверак».
За парушэннямі ў Крычаўскай міліцыі пільна сочаць мясцовыя журналісты. Мікалай Гердзій з мясцовае газеты «Вольны горад» прычынаю такое сітуацыі называе кумаўство і закрытасць для медыяў. «Закрытасць нашай міліцыі — гэта асноўная прычына вось гэтых парушэнняў. Вось глядзіце — напіўся, затрымалі — зараз па-мойму кіраўнік па-мойму столінскай міліцыі — чаго ён так сябе паводзіць? Таму што прыкрыюць».
Падпалкоўнік Вусік хоча дамагчыся звальнення кіраўніка, аднак дапускае, што пасля асвятлення справы ў медыях звольняць яго самога. Нават маючы трох малых сыноў, ён такога выніку не баіцца. Кажа, што ў любым выпадку працаваць гэтак, як апошні год, больш не можа.
Марына Вашкевіч, belsat.eu