Мікалай Сушкоў, які хацеў зарэгістравацца назіральнікам, арыштаваны на 12 дзён

Жыхар Гомельшчыны Мікалай Сушкоў з вёскі Чонкі пад Гомелем захацеў зарэгістравацца назіральнікам па правядзенні рэферэндуму. Але ён знік — і праз нейкі час высветлілася, што актывіст асуджаны да 12 дзён арышту.

mikalaj_suszkou.jpg

Мікалай Сушкоў, згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, сабраў неабходную колькасць подпісаў аднавяскоўцаў і 18 лютага аднёс іх у пасялковы сельсавет, у выбарчую камісію. Пасля гэтага тэлефон актывіста стаў недасяжны. Не выйшаў ён на сувязь і сёння раніцай, 19 лютага.

Пазней стала вядома, што пасля паходу ва ўчастковую выбарчую камісію актывіста затрымалі. Мікалая Сушкова асудзілі на 12 дзён зняволення. За што судзілі Мікалая, пакуль не вядома. Цяпер ён прапусціць рэферэндум і не зможа назіраць за галасаваннем па Канстытуцыі.