У Горках двух чалавек асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
У горадзе Горкі 18 лютага адбыліся суды над затрыманымі пасля вобшукаў мясцовымі грамадскімі актывістамі Наталляй Даронінай і Віктарам Каральковым.
18 лютага Горацкі раённы суд прызнаў Наталлю Дароніну вінаватай паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі») і пакараў штрафам памерам 20 базавых велічынь (640 рублёў), паведамляе прэс-служба БАЖ.
Наталля Дароніна мае непаўнагадовага сына, магчыма, з гэтай прычыны суд абраў пакаранне, не звязанае з адміністрацыйным арыштам. Жанчыну раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ўвосень 2020 года за ўдзел у акцыях пратэсту.
Суд над грамадскім актывістам Віктарам Каральковым прайшоў у Горках вечарам 18 лютага ў будынку мясцовага ІЧУ. Актывіста таксама судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, у выніку яго пакаралі 15 суткамі арышту за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Адвакат кажа, што Каралькоў вусна заявіў, што распачаў галадоўку.
Супрацоўнікаў міліцыі таксама вельмі цікавіла стаўленне актывіста да маючага адбыцца ў хуткім часе рэферэндуму па зменах у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.