Затрыманага на 15 сутак Анатоля Шалковіча нібыта забіралі ў міліцыю «для прафразмовы»
Сын аўтара мема «памідоры са смятанай» распавёў падрабязнасці яго затрымання.
Па Анатоля Шалковіча сілавікі прыехалі 17 лютага. Мужчыну паклікалі нібыта для прафілактычнай гутаркі, але з аддзялення ён ужо не выйшаў.
Яго сын Антон расказаў, што 17 лютага ўвечары да бацькоў прыехалі некалькі супрацоўнікаў. Відаць, з РУУС.
«Сказалі, трэба з'ездзіць у міліцыю для прафілактычнай гутаркі. Маўляў, нічога з сабой не браць, толькі пашпарт і тэлефон», — расказвае Антон.
У сувязі з чым узніклі прычыны для гутаркі, у сям’і Анатоля Шалковіча не ведаюць. Са здагадак — надыходзячы рэферэндум.
18 лютага, працягвае Антон, падчас суду блізкія даведаліся, што, паводле пратакола, бацька аказваў супраціў пры дастаўцы ў пастарунак. Суд вырашыў пакараць яго 15 суткамі арышту. Цяпер Анатоль Шалковіч знаходзіцца на Акрэсціна.
— Як тата сябе адчуваў?
— Было стабільна, а як цяпер — не ведаю. Наступным днём пасля таго, як бацька выйшаў з Акрэсціна пасьля 60 сутак, яго забрала «Хуткая». У жоўцевым пухіры таты знайшлі камяні — і жоўцевы пухір выдалілі. Цяпер бацьку трэба выконваць спецыяльную дыету. Есці кашы і ўвесь час нешта падʼядаць. Мама з адвакатам гаварылі пра гэта на працэсе. Далі патрэбныя дакументы. Але гэта нічога не змяніла, — расказвае сын Шалковіча.
— А пра сітуацыю з Сяргеем Глушаковым вам нешта вядома?
— Глушакову, таварышу бацькі, даслалі позву. У ёй таксама прасілі з'явіцца ў РУУС для прафілактычнай гутаркі, — распавядае Антон і адзначае: — У выніку ён атрымаў 15 сутак.