Мікалай Казлоў: «Усе тры месяцы я правёў у адзіночнай камеры»
У мінулыя выходныя пасля адбыцця трохмесячнага пакарання з баранавіцкага СІЗА выйшаў на волю старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Палітык распавёў «Народнай Волі», як яму даводзілася ў зняволенні, а таксама падзяліўся сваімі планамі на будучыню.
Нагадаем, Мікалая Казлова асудзілі на 3 месяцы за тое, што
ён не пагадзіўся падпісаць паперу аб наразгалошванні зместу яго допыту следчым.
Абарона партыйнага лідара падавала апеляцыю, аднак вышэйшая інстанцыя пакінула
прысуд у сіле.
Адбываць пакаранне ў баранавіцкім СІЗА ён пачаў у снежні
мінулага года…
— Усе тры месяцы я правёў у адзіночнай камеры, — кажа
Мікалай Казлоў. — Быў абсалютна адзін, без навін, ізаляваны ад знешняга свету.
І, паверце, калі ты вымаўляеш усяго дзясятак слоў за некалькі дзён, то ў гэтым
ёсць свае складанасці. Часам, каб не згубіць моўныя навыкі, нават чытаў кнігі
ўслых.
У той жа час вельмі дапякала радыё, якое вельмі гучна
працавала ў камеры з шасці ранку да дзесяці вечара, і адключыць яго было
немагчыма. Гэта вельмі ціснула на псіхіку, і я нават неяк спытаўся ў ахоўнікаў:
«Можа, вы тут, у СІЗА, псіхалагічны эксперымент праводзіце: паедзе дах у
чалавека ад радыё або не?»
— У адміністрацыі ізалятара было асаблівае стаўленне да
«палітычных»?
— Шчыра скажу: стаўленне персаналу да мяне было даволі
ветлівае, усё ў межах закона. Хаця, безумоўна, ведалі, што я з ліку
«палітычных», таму ставіліся крыху насцярожана.
У той жа час лічу рэжым адбыцця пакарання даволі складаным.
На ложку сядзець нельга, ляжаць нельга, днём спаць катэгарычна забаронена. І
знайдзі чым заняцца з шасці раніцы да дзесяці вечара. Толькі чытаць кнігі.
Хаця былі прагулкі. Спачатку рэдка, а вось апошні месяц
прагульваўся амаль штодзень.
— Была інфармацыя, што вас неаднойчы пераводзілі з камеры ў
камеру…
— Так, але я не ведаю, дзеля чаго гэта рабілася. Казалі,
што, маўляў, так складваюцца абставіны. Быў, напрыклад, у камеры для вязняў з
заразнымі захворваннямі. Сядзеў пад кварцавай лямпай.
Пабываў таксама ў камеры для буяных зняволеных. Незразумела, хто там знаходзіўся раней, але памяшканне было вельмі запушчанае — нават прыбіральня непрыстасаваная для карыстання. Мне прыйшлося адмовіцца ад ежы, каб перавялі ў іншае месца, і ў рэшце рэшт дамогся свайго.
— На харчаванне не скардзіліся?
— Звычайнае для турмы харчаванне. У баранавіцкім СІЗА, як
мне падаецца, кармілі лепш, чым у Мінску на Акрэсціна, хаця, калі казаць пра
рыбныя катлеты ці кіслую капусту, то гэта проста жах! Есці такое немагчыма! Але
ж нейкія прадукты з дому перадавалі, таму не ўсё так страшна.
— Аднапартыйцы вам пісалі, падтрымлівалі?
— З перапіскай была самая сапраўдная праблема. Даходзілі
толькі лісты ад блізкіх, а многія элементарна не аддавалі. Разводзілі рукамі і
казалі: «Для вас нічога няма». Хаця я дакладна ведаю, што мне пісала шмат
людзей. Невядома, куды зніклі гэтыя лісты, але пры вызваленні мне іх таксама
не аддалі. Магчыма, проста выкінулі ў сметніцу ці спалілі.
Я толькі не разумею, навошта парушаюць закон тыя, хто
найперш павінен яго выконваць? Арыштанты маюць права на перапіску, але мяне
гэтага права пазбавілі.
Таксама паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і
іншай дэструктыўнай дзейнасці». Патлумачылі: маўляў, таму, што раней
прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. А паставілі на ўлік — гэта дадатковыя
праверкі ў камеры, дадатковыя даклады. Павінен быў штодзень распавядаць, што я
«схільны да экстрэмізму».
Гэта, на мой погляд, дастаткова прыніжальна і незаконна.
Думаю, ёсць сэнс звярнуцца ў суд, каб высветліць стаўленне суда да такой
ганебнай практыкі. Я, дарэчы, пісаў заяву з гэтай нагоды адміністрацыі СІЗА,
але ніякай рэакцыі ў адказ не было.
— Пісалі, што ў вас з’явіліся ў СІЗА пэўныя праблемы са
здароўем…
— Зрок пагоршыўся, бо асвятленне ў камеры, мякка кажучы, не
самае лепшае. А аказанне медыцынскай дапамогі ў следчым ізалятары — гэта
асобная песня. У мяне склалася ўражанне, што турэмных медыкаў наогул у такіх
установах нельга доўгі час пакідаць на працы. Іх трэба мяняць, бо праз нейкі
час чалавек у белым халаце становіцца часткай турэмнай сістэмы. Адбываецца
прафесійная дэфармацыя.
Мне, напрыклад, было дзіўна, калі ў такім вялікім СІЗА
немагчыма выклікаць урача ноччу, хаця кантынгент розны, чалавеку можа стаць
дрэнна ў любы час.
— Якія вашы бліжэйшыя планы?
— Трэба спачатку агледзецца, хаця па вялікім рахунку ў маім
жыцці нічога не змянілася. Я па-ранейшаму з’яўляюся старшынёй Аб’яднанай
грамадзянскай партыі. Тры месяцы мяне не было, таму трэба крыху разабрацца з
партыйнымі справамі і далей займацца тым, чым і раней займаўся.
Я знаходжуся ў Беларусі і нікуды не збіраюся з’язджаць. Таму будзем і далей змагацца за лепшае жыццё.
— Намеры добрыя, але зараз пра апазіцыйныя партыі наогул практычна нічога не чуваць…
— Такія часы надышлі, што сёння любая апазіцыйнасць успрымаецца ўладамі варожа і нават агрэсіўна. У такіх умовах мы, безумоўна, павінны памятаць пра гэта і не падстаўляць сябраў нашай партыі.
Але тым не менш мы жывыя, існуём і маем намер далей займацца палітычнай дзейнасцю. Так, часы няпростыя, але гэта не нагода апускаць рукі і разыходзіцца. Гэта, наадварот, нагода мабілізавацца.