Мастак Алесь Пушкін застаецца ў Крупках пад вартай, чакае суду
У Крупскім райаддзеле міліцыі Менскай вобласці паведамілі «Свабодзе», што затрыманы ўчора за перформанс мастак Алесь Пушкін застаецца ў іх пад вартай. Але ягонай сям’і пра гэта да раніцы так і не сказалі.
Начальнік Крупскага РАУС Дзмітры Фіцкевіч у размове з
карэспандэнтам “Свабоды” прызнаў, што ў міліцыі дагэтуль трымаюць мастака Алеся
Пушкіна, але адмовіўся паведаміць, ці будзе над ім суд і калі пачнецца працэс.
«Яго ўтрымліваюць там, дзе вызначылі органы ўнутраных спраў, а калі адбудзецца суд, гэтага я каментаваць не буду», — сказаў начальнік Крупскай раённай міліцыі.
У Крупскім раённым судзе адміністрацыйнай справы на Алеся Пушкіна а 10-й раніцы яшчэ не было, паведамілі ў канцылярыі суду.
Жонка Алеся Яніна занепакоеная адсутнасцю звестак пра мужа пасля ягонага затрымання 6 чэрвеня.
«З таго часу нічога пра лёс Алеся не ведаю, буду звязваецца з праваабаронцамі, каб атрымаць дапамогу на выпадак суду», — сказала Яніна карэспандэнту Свабоды.
Чытайце таксама:
Мастака Алеся Пушкіна затрымалі падчас перформансу за беларускую мову
Вядомы мастак Алесь Пушкін быў затрыманы ў Крупках 6 чэрвеня падчас перформансу супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і русіфікацыі.
Алесь Пушкін выйшаў да крамы сеткі «Еўраопт» у цэнтры Крупак з плакатамі «Achtung Russia!» і «Bloodymir!» з выявамі Пуціна, а таксама плакатамі «Stop russian agression on Europe» («Спыніце расійскую агрэсію ў Еўропе»), «Russia — war!» («Расія — вайна»), «Беларусь у NATO» і сцягам Паўночнаатлантычнага альянсу. Акцыя мастака працягнулася паўгадзіны, а 17 гадзіне да крамы прыбыў нарад міліцыі, які затрымаў Пушкіна. Алесь адмовіўся ісці сам, і тады міліцыянты зацягнулі яго ў службовы аўтамабіль.