Маскі, падатковыя канікулы, дапамога ІП. Прэм’ер пра тое, якія меры прыме ўрад падчас пандэміі

Кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Румас распавёў пра тое, калі ўрад збіраецца прыняць пакет мер для падтрымкі прадпрыемстваў у крызіс, выкліканы пандэміяй, і як краіну забяспечаць маскамі і рэспіратарамі.

maski_1.jpg

Меры падтрымкі

Сёння ўрад збіраецца на першую нараду па абмеркаванні мер, якія прапанавала Мінэканомікі, каб дапамагчы прадпрыемствам лягчэй прайсці складаны перыяд — і праз тыдзень Саўмін плануе звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з прапановай падтрымаць першы пакет мер падтрымкі прадпрыемстваў.
— Мінэканомікі прапанавала даволі шырокі набор інструментаў, які ўключае ў сябе і падатковыя канікулы, і крэдытныя канікулы, і падтрымку ІП. У наступны аўторак урад плануе прыняць канчатковае рашэнне аб прапанаваных мерах падтрымкі. Напэўна, яно не будзе апошнім. Гэта будзе першы крок, які будзе тычыцца ў асноўным прадпрыемстваў. Нашы далейшыя крокі будуць залежаць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя, — расказаў прэм’ер-міністр Сяргей Румас.

«У дзень вырабляем 250 тысяч медыцынскіх масак»

Тыдзень таму кіраўнік дзяржавы даў даручэнне ўраду наладзіць вытворчасць рэспіратараў у дастатковай колькасці для ўнутранага рынку.
— Наяўнасць масак і рэспіратараў у сетках аптэк з самага пачатку распаўсюджвання каронавіруса знаходзілася на кантролі ва ўрада. Сёння Беларусь забяспечана як рэспіратарамі 2 і 3 класа, так і медыцынскімі маскамі ў дастатковай колькасці. Але частку з гэтых медвырабаў мы закупляем па імпарце, таму цалкам зразумелая задача, якую вызначыў кіраўнік дзяржавы, — паведаміў Сяргей Румас. — 380 тысяч масак раніцай 24 сакавіка было на складах, у дзень мы вырабляем 250 тысяч штук.
Прэм’ер-міністр 24 сакавіка наведаў прадпрыемства ў Старобіне, на якім зараз вырабляюць рэспіратары. Яно з 2015 па 2018 год прыпыняла іх вытворчасць, а з канца мінулага года зноў запусціла. Сёння тут працуе два аўтамата, якія могуць вырабляць каля 3 тысяч рэспіратараў другога класа ў дзень. Але для вытворчасці выкарыстоўваецца імпартная тканіна, а многія краіны ўвялі забарону на экспарт такой тканіны. У бліжэйшы час вытворчасць неабходнага матэрыялу сертыфікуюць у Беларусі. Таксама прадпрыемства чакае на працягу двух тыдняў пастаўку аўтамата, які будзе вырабляць каля 150 тысяч медыцынскіх масак у дзень.
Па словах Румаса, зараз Дзяржкамваенпрам вядзе перамовы з Кітаем аб пастаўцы магутных аўтаматаў для вытворчасці рэспіратараў 3 класа — для рэалізацыі ў краіне і паставак на экспарт. Гэтыя рэспіратары, як правіла, выкарыстоўваюцца для медустаноў. Таксама Міністэрству аховы здароўя даручана пракантраляваць, каб у кожнай аптэцы былі маскі.
Нагадаем, у Беларусі, па дадзеных на 23 сакавіка, зафіксаваны 81 выпадак каронавіруса, паведаміла Міністэрства аховы здароўя. Геаграфія захворвання пашырылася. У Гомельскай вобласці хворыя ўжо два чалавекі, у Гродне — адзін чалавек, у Мінску — больш за 40, каля 30 — у Віцебску. 41 выпадак завазны, астатнія заразіліся ў краіне. Сярод тых, хто захварэў, адзін замежнік і 80 беларусаў.
Паводле news.tut.by