Беларусы стварылі анлайн-карту з тымі, хто сядзіць дома з-за каронавіруса

У Беларусі з’явілася анлайн-карта ў падтрымку сусветнай акцыі #StayHome. Усе, хто свядома застаецца дома з-за сітуацыі з каронавірусам, могуць адзначыць сябе на ёй і ўбачыць іншых «аднадумцаў».

mapa_11.jpg

Карта працуе з 23 сакавіка на сайце ядома.бел, а патрапіць на яе можна праз телеграм-бота. Ён спытае, ці сапраўды вы стараецеся сядзець дома, каб дапамагчы стрымаць распаўсюд COVID-19. Затым яму трэба даслаць сваё месцазнаходжанне, і тады ваша аватарка з Telegram (ці піктаграма, калі фота няма) з’явіцца на карце ў вашым горадзе. Імя, дакладную лакацыю і іншыя дадзеныя наведвальнікі сайта не ўбачаць.
Абазначыць сябе могуць не толькі тыя, хто знаходзіцца ў нашай краіне, але і жыхары ўсяго свету. На момант публікацыі на карце адзначыліся каля 1,4 тыс. самаізаляваных па ўсёй Беларусі, у Расіі, Украіне, Польшчы і іншых краінах Еўропы, а таксама, напрыклад, у Грэнландыі і ЗША. Праўда, пакуль сайт не заўсёды вытрымлівае высокую нагрузку ад запытаў карыстальнікаў.
Як патлумачылі стваральнікі карты, праграмісты з Магілёва Сяргей Пехцераў і Антон Турко, іх ідэя ў тым, каб падтрымаць тых, хто свядома застаецца дома, паказаць, што яны не адны. На іх думку, чым больш людзей адзначыцца на карце, тым вышэй будзе падтрымка самаізаляцыі ў грамадстве.
Учора аб падтрымцы акцыі #StayHome абвясціла і беларускае Міністэрства аховы здароўя. Медыкі заклікаюць жыхароў краіны падтрымліваць сацыяльнае дыстанцыяванне і настойліва просяць самаізалявацца ўсіх пажылых людзей і тых, хто мае хранічныя хваробы, а таксама тых, хто нядаўна вярнуўся з-за мяжы. Гэта важна для таго, каб абмежаваць распаўсюд інфекцыі і знізіць патэнцыйную нагрузку на лякарні, рызыку захварэць для слабых катэгорыяў грамадзянаў.
Нагадаем, паводле апошняй інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, апублікаванай учора, у Беларусі налічваецца 81 выпадак каронавіруса. Пры гэтым на сёння ва ўсім свеце агульная колькасць выпадкаў COVID-19 набліжаецца да 400 тысяч.
Паводле reform.by