Марш Гонару ў Берасці: больш затрыманняў, але менш імпэту сілавікоў
Гэты нядзельны Марш пратэсту надаў міліцыі і АМАП больш працы, бо
праходзіў адначасова ў некалькіх раёнах горада. Затрыманняў было больш
за мінулы раз. Але некаторых адпускалі.
Каля 15-й група жанчын утварыла ланцуг паабапал праспекту Машэрава. Пад’ехаў аўтазак, падыйшлі некалькі груп людзей у чорным з маскамі і дубінкамі. Пратэстоўцы вырашылі не стаяць да затрымання.
У гэты час калона з мікрараёна Кавалёва ўзышла на Гузнянскі мост. Іх таксама сустрэў АМАП.
Асноўная частка маніфестантаў гуртавалася на вуліцы Савецкая ад кінатэатра “Беларусь” да помніка 1000-годдзю Берасця. Каля кінатэатра адбыліся некалькі затрыманняў.
Каля 16-й блізу тысячы чалавек рушылі да праспекту Машэрава. На скрыжаванні іх чакалі міліцэйскія аператары і “касманаўты”. Некалькі чалавек было затрымана.
Праз якіх паўгадзіны некалькі сот чалавек прайшлі ў бок Набярэжнай імя Скарыны.
Ішлі міма вежы з гадзіннікам і сцягам з гербам Берасця. Крыху раней мне атрымалася ўзяць у аб’ектыў зялёны МАЗ-аўтазак і вежу са сцягам. Але людзі ў балаклавах праявілі пільнасць. Замаскаваны высокі і моцны няйначай афіцэр запатрабаваў паказаць, што я там здымаў. Маўляў, пішаце пра нас усялякае, а мне і жонцы прыходзяць потым гадасці ў сеціве. Гадасці пішу не я, адказваю, а што да вежы са сцягам, то што тут не так. Сімвал дзён. Але змусілі сцерці.
Калона пачала дыфузна рухацца да Мухаўца. Па дарозе прагучала, а чаму няма Аляксея Голікава, адыёзнага “антыблогера”. Нехта згадаў, што яго адхадзілі парасонамі жанчыны яшчэ каля помніка. Але неўзабаве Голікаў усплыў і назаляў людзям да самай Набярэжнай. Там яму зноў натыцкалі парасонамі. Засланялі камеру — паспрабаваў паламаць парасон. Тады яго проста ахаладзілі вадой з бутэлькі.
Прыкмета “Голікаў наводзіць ментоў” пацвердзілася. Пад’ехалі бусы, выйшлі касманаўты. Затрымалі некалькіх чалавек, сярод іх дзяўчыну з плакатам “Когда несправедливость становится законом, сопротивление становится долгом”.
Прыкладна ў гэты час выйшлі на вуліцы сваіх мікрараёнаў жыхары Рэчыцы і Дуброўкі.
У нядзелю 11 кастрычніка ў Берасці адчувалася, што сілавікі, асабліва шараговыя міліцыянты, амаль страцілі імпэт пераследу. Аднак затрымана было больш за два дзясяткі пратэстоўцаў. У тэлеграм-каналах пішуць, што частку з іх адпусцілі.
Відавочна, што матывацыя сілавікоў моцна пахіснулася з-за апошняга рамачнадыягназавага жэсту Аляксандра Лукашэнкі, ягоных перамоваў з “ворагамі дзяржавы” ў следчым ізалятары наконт меркаванай новай Канстытуцыі.
Марш Гонару паказаў, што берасцейцы не спыняць барацьбу.
Фота Яўгена Бяласіна