Маміны гісторыі. Як бацькі шкодзяць сваім дзецям

Некаторыя бацькі, жадаючы даць дзіцяці «ўсё самае лепшае», насамрэч пазбаўляюць нармальнага жыцця і сябе, і «крывіначку».

dzice_logo.jpg

Маладыя мамы часта наракаюць: са з'яўленнем дзіцяці тваё жыццё больш не належыць табе. Што ж, гэта справядліва для першых месяцаў жыцця малечы, калі яна абсалютна несамастойная, не мае ўяўлення пра рэжым і ўвогуле не разумее, дзе знаходзіцца. І тое, нават немаўля — не нагода ставіць крыж на сабе і сваім жыцці. А вось калі жыццё сям'і гадамі будуецца (а часам і падпарадкоўваецца!) сыходзячы выключна з інтарэсаў малога — у мяне ўзнікае мноства пытанняў. 

Калі я стала мамай, то, канечне, першы час асноўную ўвагу надавала маленькаму сыну. Але літаральна з першых месцаў яго жыцця зразумела: спачатку — кіслародная маска сабе, а потым дзіцяці. Ці грызла мяне сумленне, калі я забягала на пяць хвілін у душ і чула, як сын плача ў сваім ложачку? Яшчэ як! Але я ведала, што пяць хвілін крыку дзіцяці не нашкодзіць, а для мяне душ — неабходнасць, дый прыемная перадышка.

Магчыма, для кагосьці я выглядаю эгаісткай, але я шчыра не разумею: чаму жыццё мамы, сям'і (а часам і больш шырокага кола) павінна быць пакладзена на тое, каб «дагадзіць» маленькаму карапузу? Так, я ведаю сям'ю, дзе, калі дзіця клалася спаць, у хаце не толькі выключалі гук у тэлефонах, адключалі дамафон, але і хадзілі па кватэры ў цемры, свецячы ліхтарыкамі (на хвілінку, дзіця спала ў асобным пакоі). Але я на ўласным досведзе пераканалася: калі малеча хоча спаць, яна засне пры любым святле, у любой позе, у любым месцы і амаль пры любым шуме.

На мой погляд, канцэнтруючы ўсё жыццё вакол дзяцей, бацькі ствараюць небяспечную ілюзію, што ўвесь свет заточаны на тое, каб дагадзіць ім. Не, коцікі, гэта так не працуе. Насамрэч свет уладкаваны трошкі іначай, і варта з самага дзяцінства тлумачыць гэта малым. Што тут ёсць канкурэнцыя, часам вельмі жорсткая, і, каб атрымаць месца пад сонцам, трэба прыкладаць высілкі.

На маю думку, здаровы падыход да бацькоўства — усведамленне таго, што не вы створаны для дзіцяці і не дзіця для вас. То-бок, гэта не ваша любімая цацка, якую можна прыгожа апранаць і хваліцца ёй у інстаграме. І вы не слугі гэтага пухленькага салодзенькага анёльчыка, адна ўсмешка якога вартая таго, каб перакуліць увесь свет дагары нагамі.

Глядзіце таксама

Дзіця прыйшло ў вашую сям'ю, каб вы падрыхтавалі яго да самастойнага жыцця. Заўважце: яно прыйшло да вас, а не вы да яго. Адпаведна, вы і дыктуеце правілы гульні, вызначаеце, што дазволена, а што забаронена. І дзіця мусіць падладжвацца і прымаць гэтыя правілы. Бо гэта вы, а не яно, ужо маеце ўяўленні пра жыццё, і вы мусіце яго ўсяму навучыць. Яно пакуль увогуле ніякіх уяўленняў не мае і засвоіць тое, што вы ў яго ўкладзеце.

Некаторыя бацькі, і асабліва мамы, лічаць, што павінны даць дзіцяці ўсё і нават больш, хоць бы коштам уласных пакутаў. Бо такі ў нас звычай: ну што вы за бацькі, калі, напрыклад, купляеце гатовыя пюрэ ў слоічках замест таго, каб самастойна гатаваць для дзіцяці? Ці калі не знайшлі дадатковую працу, каб аплаціць сыну ці дачцэ вучобу (новы смартфон, кватэру…)?

Але такі падыход вельмі небяспечны, таму што, вырастаючы, дзіця, зноў жа, працягвае лічыць нормай, што ўсе яго патрэбы могуць закрыць бацькі, партнёры, сябры. А маці застаецца толькі кідаць папрокі ў пустэчу, маўляў, я на цябе ўсё жыццё паклала, а ты такі няўдзячны! А ён прасіў вас класці на яго жыццё? Не, вы зрабілі гэта добраахвотна. Толькі не варта чакаць за гэта падзякі.

Ну і ўвогуле, з чаго вы ўзялі, што «развівалка» з двух гадоў і англійская мова з трох — гэта інтарэсы дзіцяці? Што? Гэта дапаможа яму ў будучыні? Магчыма. А, магчыма, і не. Больш за тое — можа нашкодзіць. Справа ў тым, што маленькае дзіця спазнае гэты свет у асноўным праз гульню. Таму дзеці найперш павінны гуляць у цікавыя ім гульні — гуляць, праяўляць фантазію, а не вучыцца! Вядома, да пэўнага ўзросту, калі гульня саступае месца вучобе — гэта адбываецца акурат у школе. 

Глядзіце таксама

Канечне, можна навучыць трохгадовага чалавека і чытаць, і лічыць, і неяк пісаць — вось толькі навошта? Кожнаму ўзросту адпавядае свой узровень развіцця. І, робячы ўпор на інтэлектуальны складнік, можна ўпусціць, напрыклад, развіццё псіхіка-эмацыйнага. Таму, запісваючы малечу на чарговы гурток, бацькам варта памятаць, што, калі дзесьці дадаецца, у той жа час дзесьці абавязкова аднімаецца — такі закон раўнавагі ў прыродзе. Парушэнне гэтай раўнавагі ў дарослым жыцці чалавека можа прынесці значна большыя праблемы, чым меркаваную карысць. Напрыклад, выявіцца, што ў вашага звышэрудаванага дзіцяці праблемы з наладжваннем камунікацыі ці з разуменнем сваіх і чужых эмоцый. А гэта ў значнай частцы вызначае якасць жыцця чалавека.

Ну і галоўнае пытанне: паспрабуйце самі сабе шчыра адказаць, для каго вы разбіваецеся ў ляпёшку? Сапраўды для дзіцяці? Ці, можа, закрываеце такім чынам нейкія ўласныя комплексы? Магчыма, у дзяцінстве вам самім не хапіла таго, што вы цяпер спрабуеце ўвапхнуць у сваё дзіця. Але не факт, што яму гэта насамрэч трэба, бо гэта зусім іншы чалавек. 

А свае няспраўджаныя амбіцыі варта прапрацоўваць са спецыялістам. Бо адэкватныя, спакойныя і шчаслівыя бацькі — самая важная патрэба дзіцяці.