Часова сіроты. Дзеці, якія чакаюць сваіх бацькоў-палітвязняў

У Беларусі як мінімум паўтары тысячы афіцыйна прызнаных палітычных зняволеных. У многіх з іх на волі засталіся дзеці. 8 непаўнагадовых рэжым утрымлівае за кратамі. «Настоящее время» расказала пра беларускіх дзяцей, якіх фактычна пазбавілі дзяцінства, забраўшы бацькоў у палон рэжыму.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сусветныя дзеячы культуры звярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. У ім яны выступілі ў абарону беларускіх палітвязняў. Усяго падпісантаў трынаццаць. Сярод іх — нобелеўскія лаўрэаты па літаратуры Эльфрыда Елінек, Герта Мюлер і Вольга Такарчук. А таксама іншыя вядомыя пісьменнікі і музыкі. Яны патрабуюць ад Лукашэнкі расказаць пра лёс лідараў апазіцыі Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязняў. Многія месяцы пра іх нічога невядома.

Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», у беларускіх турмах проста цяпер знаходзяцца 1495 палітвязняў. На волі іх працягваюць чакаць родныя: бацькі, сужэнцы і дзеці. Апошнім расстанне і траўмы праз рэпрэсіі даюцца асабліва цяжка. Бо ў некаторых з іх у турмах знаходзяцца і бацька, і маці.


Глядзіце таксама

Больш за год Андрэй Шарэнда з двума сынамі жыве ў Вільні. У студзені 2021 года жонку Андрэя, актывістку Паліну Шарэнда-Панасюк, затрымалі ва ўласнай кватэры ў Брэсце і асудзілі на тры гады калоніі. На пачатку жніўня гэтага года жанчына павінна была выйсці на волю, але незадоўга да вызвалення на яе завялі новую крымінальную справу.

Бытавымі пытаннямі ў эміграцыі мужчына цяпер займаецца сам, кажа, што першы час было складана, але адчайвацца ён не меў права: «Я разумею, што жонцы цяпер нашмат складаней. Паліна трывае разнастайныя мукі, пакуты. І я проста разумею, што не магу неяк скардзіцца на жыццё, адчайвацца. Упадаць у нейкія дэпрэсіі».

Старэйшаму сыну Славаміру чатырнаццаць гадоў. Малодшы Стах сёлета ідзе ў першы клас. Затрыманне Паліны, расказвае Андрэй, адбылося на вачах у маленькага дзіцяці: дзверы ў кватэру выламалі сілавікі, Паліну збілі і павезлі ў кайданках. Праз убачанае ў Стаха пачаліся праблемы са здароўем.

«Ён проста перастаў гаварыць. Яму канстатавалі затрымку развіцця маўлення. Два гады мы з гэтым дыягназам жылі, з ім змагаліся. На шчасце, за год тут, у Вільні, дзякуючы таму, што мы хадзілі да псіхолага, дэфектолага нам удалося, нейкім чынам пераадолець гэтую сітуацыю. Стах пойдзе ў звычайны клас. Але трэба разумець, што ў дзіцяці забралі практычна ўсё дзяцінства», – расказвае Андрэй Шарэнда.


Глядзіце таксама

У снежні 2021 года кансультанта беларускай службы «Радыё Свабода» Ігара Лосіка прысудзілі да пятнаццаці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. За салідарнасць і падтрымку мужа яго жонку Дар'ю ў студзені асудзілі на два гады. Іх дачка Паўліна засталася з бабулямі і дзядулямі. У архіве «Настоящего времени» засталося інтэрв'ю, у якім Дар'я расказвае пра дачку пасля арышту мужа і да свайго затрымання: «Калі яна раней проста брала мой мабільны тэлефон і казала: "Тата, тата, ку-ку", то цяпер яна просіць мяне ўключыць фотаздымкі Ігара, прыносіць свой дзіцячы посуд, пачынае яго карміць, гуляць у мяч. Тое, як паводзіць сябе дачка цяпер... Мне цяжка гаварыць, праўда».

6 снежня 2022 года арыштавалі журналістку з Гомеля Ларысу Шчыракову, а яе сына Святаславазабралі ў прытулак. Амаль месяц падлетак знаходзіўся ў дзіцячым доме, пакуль яго бацька, які даўно жыве ў Расіі, збіраў дакументы для апекі над сынам. Іншым сваякам забраць Святаслава з прытулку не дазволілі.


Глядзіце таксама

Пазбаўленне волі роднага чалавека, кажа псіхолаг Наталля Станкевіч, цяжка перажываюць дарослыя, а для дзяцей гэта сапраўдная трагедыя. Вельмі важна, дадае спецыялістка, каб побач з дзіцём у гэты перыяд быў чалавек, які яго падтрымае: «Дарослы, які можа плакаць, але разам з тым можа пагаварыць з дзіцём: "Так, я вельмі турбуюся пра маму, давай мы разам напішам ёй ліст". Пры дзіцяці павінен быць той, хто захоўвае прысутнасць духу. Не чалавек, які галосіць 24/7».

Не дазваляе сабе адчайвацца і актывіст Андрэй Шарэнда. Расказвае сынам пра маму, паказвае яе фотаздымкі. Мужчына верыць у хуткае вызваленне жонкі і палітычныя перамены ў Беларусі, хоць і прызнаецца, што малодшы сын пачынае забываць маму.

Пакуль жа беларусы, якія засталіся на волі і з'ехалі з краіны, працягваюць падтрымліваць палітвязняў і іх сем'і. У канцы ліпеня падчас марафону салідарнасці «Нам не ўсё роўна» толькі за суткі беларусы сабралі больш за паўмільёна еўра.