Малавядомыя факты пра Курапаты

У 2000-м у ахоўнай зоне Курапатаў быў закладзены падмурак праваслаўнай капліцы, але ў 2003-м будаўніцтва было спынена: праект не прайшоў грамадскае абмеркаванне і не атрымаў дазволу дзяржавы. Як бачым, што да будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплекса такой цвёрдасці не назіраецца.

2018_07_07_kurapaty_a._ljaszkevicz_044_logo.jpg

 Гэты і іншыя факты можна было даведацца падчас экскурсіі Валерыі Чарнаморцавай.
Чарговая экскурсія па Курапатах прайшла 7 ліпеня. Нягледзячы на зменлівае надвор’е (падчас выправы некалькі разоў пачынаўся дождж) сабралася больш за 10 чалавек. Валерыя Чарнаморцава распавяла, што жыхары навакольных вёсак, ад якіх Зянон Пазняк запісваў успаміны, пераважна звалі ўрочышча «Брод», бо месца было і застаецца даволі топкім. Словам «Курапаты» яго звалі жыхары вёскі Дроздава, і паходзіць яно ад дыялектнай назвы расліны, што квітнее ўвесну, кшталту белай пралескі. Разам з найменнем «курапаты» для гэтых кветак мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі слова «кураслепы».


2018_07_03_kurapaty_a._ljaszkevicz_101_logo.jpg

Назвы «курапаты» ў дыялектным слоўніку «Раслінны свет» не знайшлося, а вось найменне «кураслеп» шырока распаўсюджана, хаця сама расліна ўнесена ў Чырвоную кнігу. У «Слоўніку свабоды» Зянон Пазняк пісаў і пра іншае метафарычнае значэнне: «курапаткі — гэта птушкі, на якіх палююць. Адсюль і выслоўе: «Пастралялі, як курапатак». Фактычна назва была абраная Пазняком праз яе метафарычнасць ды паэтычнасць і замацавалася дзякуючы артыкулу «Курапаты — дарога смерці», што выйшаў 3 чэрвеня 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва».



Часта мікратапонімы нематываваныя, гісторыя іх узнікнення страчанная. Цэлы свет назваў памірае разам з носьбітамі традыцый, што нарадзіліся і выраслі ў гэтым ландшафце, і аб’ект культуры зноў становіцца толькі часткай прыроды, ніяк не вылучаннай з навакольнай прасторы. Таму так істотна занатоўваць не толькі легенды пра паходжанне назваў населенных пунктаў, а і навакольнага ландшафту.


Народны мемарыял у Курапатах часта пакутуе ад вандалаў. Да таго ж, нават калі хуліганаў схапіць за руку (а такія выпадкі былі), міліцыя не складае на іх пратаколы. Крыж Пакутаў, які стаіць сёння — ужо не першы, не той, што ўсталявалі ў 1989 годзе.


2018_07_07_kurapaty_a._ljaszkevicz_005_logo.jpg


Але найбольш вабяць вандалаў не крыжы. Па падліках актывістаў, лаву Біла Клінтана, усталяваную ў гонар візіта ў Курапаты амерыканскага прэзідэнта, з 1994 года шкодзілі 21 раз!



Толькі ў Мінску налічваецца амаль 20 месцаў расстрэлаў і пахаванняў рэпрэсаваных, і напэўна яшчэ не ўсе выяўленныя. Такія ж месцы ёсць амаль каля кожнага абласнога і раённага горада Беларусі, пытанне толькі ў маштабах злачынстваў, што там здзяйсняліся. Мы да сённяшняга дня не ведаем ні дакладнай колькасці забітых у Курапатах, ні іх імёнаў. Выяўленныя імёны толькі дзвюх ахвяраў. Падчас даследавання адной з магіл у гаманцы знойдзены турэмныя квітанцыі пра адабранне каштоўных рэчаў арыштаваных. Квітанцыі былі выдадзены 10 чэрвеня 1940 года гарадзенскім габрэям Моўшы Крамеру і Мардыхаю Шулескесу.

Архівы КДБ зачыненныя (а, магчыма, знішчанныя). У 1990-х гадах родныя некаторых рэпрэсаваных атрымлівалі на свае звароты туды паперы «Расстраляны ў Мінску, магчыма, у Курапатах». Але з упэўненнасцю нельга сказаць нават наконт 29 кастрычніка 1937 года: дзе ж менавіта знішчылі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі? Таму таблічкі з імёнамі, што сёння прымацаваныя ў Курапатах, — гэта толькі сімвалічная пазнака, што чалавек быў расстраляны, а ці пахаваны ён ва ўрочышчы, дакладна сказаць нельга.

2018_07_07_kurapaty_a._ljaszkevicz_061_logo.jpg


Яшчэ адзін цікавы факт, сёння ўжо падзабыты: у 2000-м годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў быў закладзены падмурак праваслаўнай капліцы, але ў 2003-м будаўніцтва было спынена праз тое, што праект не прайшоў грамадскае абмеркаванне і не атрымаў дазволу дзяржавы. Вельмі цвёрдай была пазіцыя Дэпартамента па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры. Як бачым, што да будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплекса такой цвёрдасці не назіраецца.

Валерыя Чарнаморцава гатова правесці дармовую экскурсію па Курапатах пры наяўнасці групы хаця б у 5-6 чалавек у любы час па дамоўленасці па тэлефонах: +375-44-5386283 і +375-25-5458430 (Viber).